2015-08-20 15:55:00

Куба: салідарнасць з беднымі перад візітам Папы


На Кубе, з нагоды маючага адбыцца візіту папы Францішка, пройдзе вялікі збор ахвяраванняў на карысць самых бедных асоб грамадства. Ініцыятарам яго правядзення выступіў мясцовы епіскапат. Падзея з’яўляецца часткай падрыхтоўкі да візіту Пантыфіка, які будзе знаходзіцца на востраве 19-22 верасня 2015 г. у рамках Апостальскага падарожжа пад дэвізам “Місіянер міласэрнасці”. 

Збор ахвяраванняў будзе праводзіцца па ўсёй краіне 30 жніўня 2015 г. Гэта дата прывязана да пачатку навэнны да Маці Божай Міласэрнасці дэль-Кобрэ, апякункі Кубы, санктуарый якой плануе наведаць Францішак.

У спецыяльным паведамленні кубінскай біскупскай Канферэнцыі гаворыцца, што збор ахвяраванняў адбудзецца “ва ўсіх парафіях, супольнасцях і місійных дамах вострава”. Вернікі запрашаюцца ахвяроўваць “прадукты харчавання, вопратку, цацкі, грошы”, якія будуць размеркаваны сярод найбольш патрабуючых. Біскупы адзначаюць, што перад візітам Папы – “Місіянера міласэрнасці” – цудоўна прасіць у Бога аб “пачуцці міласэрнасці”.

“Было б добра прапанаваць іншым і самім сабе рабіць жэсты міласэрнасці ў штодзённым жыцці, напрыклад, наведваючы хворых, дзелячыся тым, што маем, прабачаючы і просячы прабачэння, суцяшаючы засмучаных, больш і лепш любячы бліжніх”, - адзначыў старшыня епіскапату Кубы, арцыбіскуп Дыянісіа Гарсія Ібанэс. Усё гэта, на яго думку, павінна дапамагчы таму, каб візіт Папы на Кубу стаў сапраўднай “падзеяй збаўлення”.








All the contents on this site are copyrighted ©.