2015-08-19 15:38:00

Сужэнства (VII)


Мы працягваем гаворку аб нормах права, якія рэгулююць цэлебрацыю сакрамэнту сужэнства і сёння спачатку пагаворым аб натуральных наступствах гэтага сакрамэнту, а таксама пачнём гаворку аб вельмі балючай і далікатнай справе разлучэння сужонкаў.

Варта яшчэ раз усвядоміць сабе, што з сапраўднага сужэнства паміж сужонкамі ўзнікаюць повязі, якія па сваёй натуры з’яўляюцца вечнымі і выключнымі, таму што сужэнскі саюз з’яўляецца вечным і выключным і ніякая чалавечая ўлада не можа разлучыць таго, што Бог злучыў. Апрача гэтага, як мы ўжо казалі, менавіта ў хрысціянскім сужэнстве сужонкі ўмацоўваюцца спецыяльным сакрамэнтам  і пэўным чынам пасвячаюцца для выканання абавязкаў і годнасці іх стану і паміж хрысціянамі не можа існаваць ніякага іншага саюзу, які б не быў сакрамэнтам.

Абодва сужонкі маюць аднолькавыя абавязкі і правы ў тым, што датычыць супольнасці сужэнскага жыцця. Найважнейшы абавязак і першае права сужонкаў як бацькоў заключаецца ў тым, каб па меры сваіх сіл клапаціцца аб выхаванні патомства, як псіхічным, сацыяльным і культурным, так і маральным і рэлігійным.

Законнымі з’яўляюцца дзеці, зачатыя або народжаныя ў сапраўдным сужэнстве – дзеці, народжаныя па меншай меры праз 180 дзён пасля цэлебрацыі сужэнства або на працягу 300 дзён пасля завяршэння сужэнскага жыцця. Бацькам з’яўляецца той, на каго ўказвае сужэнства, хіба што відавочныя аргументы даказваюць зваротнае. 

Зараз пачнём гаворку аб раздзяленні сужонкаў. Напэўна, усе мы добра ведаем і сёння ўжо казалі аб тым, што сужэнства з’яўляецца неразрыўным. Заключанае і завершанае сужэнства не можа быць скасавана ніякай чалавечай уладай і па ніякай прычыне, акрамя смерці. Але ёсць адна сітуацыя, калі заключанае сужэнства можа быць скасавана – гэта ў такой сітуацыі, калі яно яшчэ не было завершана, г.зн. паміж сужонкамі яшчэ не было сужэнсткага акту. Вядома такія сітуацыі здараюцца вельмі рэдка, але права дапускае такую сітуацыю, што незавершанае сужэнства паміж ахрышчанымі або паміж ахрышчаным і неахрышчаным можа быць скасавана Рымскім Пантыфікам па справядлівай прычыне па просьбе абодвух бакоў або аднаго боку, нават калі другі бок будзе супраць.

Наступная сітуацыя, калі можна нешта зрабіць – гэта справа так званага паўлавага прывілею. У чым тут справа? Сужэнства, заключанае паміж двумя неахрышчанымі, касуецца на моцы паўлавага прывілею на карысць веры таго боку, які прыняў хрост, самім фактам таго, што гэты бок заключае новае сужэнства, калі толькі неахрышчаны бок адыдзе ад ахрышчанага. Іншымі словамі, існуе наступная сітуацыя: ёсць сужэнства несакрамэнтальнае паміж двумя неахрышчанымі асобамі. Пасля адзін з бакоў гэтага сужэнства навяртаецца і прымае хрост у Касцёле, а другі бок менавіта з гэтай прычыны не хоча больш жыць з ахрышчанай асобай, у такім выпадку сужэнства неахрышчаных касуецца праз новае сужэнства ахрышчанай асобы. Але заўсёды ў такіх сітуацыях для таго, каб ахрышчаны бок мог заключыць новае сапраўднае сужэнства, заўсёды трэба спытаць неахрышчаны бок ці не жадае ён таксама прыняць хрост або ці не жадае ён па меншай меры мірна жыць з ахрышчаным бокам без абразы Стварыцеля. Як правіла, такое апытанне павінна адбывацца ўладай Ардынарыя месца боку, які навярнуўся; гэты Ардынарый павінен даць іншаму сужонку (неахрышчанаму) час падумаць над адказам, калі ён аб гэтым папросіць, аднак Ардынарый павінен папярэдзіць яго аб тым, калі гэты час пройдзе дарма, то яго маўчанне будзе ацэньвацца як адмоўны адказ.

Як мы ведаем, у некаторых дзяржавах дазволена мнагажонства. У сітуацыі калі неахрышчаны, які перад хростам меў адразу некалькі неахрышчаных жонак, пасля прыняцця хросту ў Каталіцкім Касцёле, калі яму цяжка заставацца з першай жонкай, можа застацца з адной з іх, пакінуўшы іншых. Тое самае адносіцца да неахрышчанай жанчыны, у якой было адразу некалькі неахрышчаных мужоў. Ардынарый месца, маючы на ўвазе ўмовы маральныя, сацыяльныя і эканамічныя месцаў і асобаў, павінен паклапаціцца аб належным забеспячэнні патрэбаў першай жонкі, а таксама іншых пакінутых, паводле патрабаванняў бесстароннасці, хрысціянскай любові і натуральнай справядлівасці, бо чыста па-людзкі нельга заставіць гэтых людзей без ніякай апекі.

Паважаныя радыёслухачы! У наступнай нашай перадачы мы разгледзем іншыя сітуацыі, якія могуць узнікаць у сужэнскім жыцці, і як Касцёл прапаноўвае сваім вернікам выходзіць з такіх сітуацый, а на сёння я з вамі развітваюся. Пахвалёны Езус Хрыстус!

 








All the contents on this site are copyrighted ©.