2015-08-19 15:17:00

Сужэнства (IV)


Сёння ў нашай перадачы мы працягваем гаворку аб перашкодах, якія могуць існаваць перад нарачонымі, якія вырашылі заключыць сужэнскі саюз. І зараз мне хочацца расказаць аб перашкодзе, якая найбольш часта ўзнікае паміж нарачонымі ў сённяшняй сітуацыі ў Беларусі – менавіта гаворка ідзе аб перашкодзе рознай веры. Напэўна, многія могуць задаць пытанне – як наогул вера можа быць перашкодай да сужэнскага саюза. Але гэта так. І разважаючы аб гэтай перашкодзе, трэба раздзяліць дзве розныя сітуацыі – сужэнства паміж каталіком і асобай неахрышчанай і сужэнства паміж бокам каталіцкім і некаталіцкім, але таксама ахрышчаным (напрыклад, сужэнства паміж католікам і праваслаўным). Разгледзем першую сітуацыю – сужэнства каталіка з асобай неахрышчанай. Мы ўжо казалі аб тым, што прымаць і ўдзяляць сакрамэнты можа толькі асоба ахрышчаная, таму ў гэтым выпадку нельга казаць аб сакрамэнце. Таму на благаслаўленне такога сужэнства неабходна, і гэта да сапраўднасці, дыспенса ардынарыя. Але такую дыспенсу ардынарый не павінен даваць да таго часу, пакуль не ўпэўніцца, што каталіцкі бок зробіць усё, што ад яго залежыць, каб не страціць сваю веру, неахрышчаны бок павінен таксама засведчыць, што ён ведае аб рэлігійных абавязках свайго сужонка і не будзе перашкаджаць сужонку практыкаваць сваю веру, а таксама неахрышчаны бок павінен згадзіцца на тое, каб дзеці былі ахрышчаныя ў касцёле. Толькі пасля выканання такіх умоў ардынарый можа даць дыспенсу для заключэння такога сужэнства. І гэта патрэбна рабіць, таму што тут гаворка ідзе аб збаўленні чалавека, і нельга дапусціць, каб католік пасля шлюбу з неахрышчанай асобай сам перастаў быць вызнаўцам каталіцкай веры. 

Калі гаворка ідзе аб сужэнстве асобаў, адна з якіх з’яўляецца каталіком, а іншая некаталіком, але асобай ахрышчанай (напрыклад, праваслаўны ці пратэстант), то для заключэння сужэнства ўжо патрабуецца не дыспенса, а толькі дазвол ардынарыя, які патрабуецца для годнасці, а не да сапраўднасці сужэнства, г.зн. патрабаванні трохі меншыя. Але таксама, як і ў першым выпадку, некаталіцкі бок павінен таксама засведчыць, што ён ведае аб рэлігійных абавязках свайго сужонка і не будзе перашкаджаць сужонку практыкаваць сваю веру, а таксама некаталіцкі бок павінен згадзіцца на тое, каб дзеці былі ахрышчаныя ў касцёле каталіцкім. 

Наогул, што датычыць такіх так званых змешаных сужэнстваў, існуюць цэлыя працэдуры, як трэба вырашаць канкрэтныя пытанні, але варта ведаць, што такія сужэнствы магчымыя, а Касцёл клапоціцца аб сваіх дзецях, каб яны не сышлі з Божай дарогі.
Наступная перашкода – гэта святарскае пасвячэнне і публічны вечны шлюб чыстасці ў манаскім інстытуце. Несапраўдна спрабуюць заключыць сужэнства тыя, хто маюць святарскае пасвячэнне, а таксама несапраўдна спрабуюць заключыць сужэнства тыя, хто звязаныя публічным вечным шлюбам чыстасці ў манаскім інстытуце. Нажаль, здараюцца сітуацыі, калі святар або законная асоба застаўляюць сваё служэнне і хочуць узяць шлюб. Усе гэтыя сітуацыі вельмі балючыя і вельмі асабістыя, наогул, дыспенсу ад цэлібату і ад вечнага публічнага шлюба чыстасці можа ўдзяліць толькі сам Святы Айцец, і кожная сітуацыя разглядаецца паасобку.

Паміж мужчынам і жанчынай, якая была выкрадзена або якая, па меншай меры, утрымліваецца з намерам заключыць з ёй сужэнства, не можа быць заключана сапраўднага сужэнства, хіба што жанчына пасля вызвалення ад выкрадальніка і якая знаходзіцца ў надзейным і свабодным месцы, згодзіцца дабравольна на гэта сужэнства. Той, хто маючы намер заключыць сужэнства з пэўнай асобай, прычыніць смерць сужонку або сужонцы гэтай асобы або ўласнаму сужонку або сужонцы, несапраўдна спрабуе заключыць сужэнства. Гэтыя перашкоды могуць паказацца трохі дзіўнымі для нашай сітуацыі, але ў праве нічога не з’яўляецца ніадкуль – у мінулыя часы, нажаль, такія практыкі, былі даволі моцна распаўсюджаныя.

І астатняя група перашкодаў – гэта перашкода з-за кроўнай роднасці. У адной з нашых мінулых перадач мы ўжо казалі, што свяацтва лічыцца лініямі і ступенямі. Дык вось, ў простай лініі сваяцтва сужэнства з’яўляецца несапрадным паміж усімі сваякамі як па ўзыходзячай, так і па уніз сходзячай лініі. І гэта перашкода з Божага права – ніхто не можа дазволіць сужэнства, напрыклад, паміж маці і сынам ці паміж дзядулем і ўнучкай. У бакавой лініі сваяцтва сужэнства несапраўднае да чацвёртай ступені ўключна. Гэта азначае, што не дазваляецца сужэнства са сваякамі, “бліжэйшымі”, чым дваюрадныя.

Ёсць яшчэ некалькі перашкодаў, але яны сапраўды вельмі рэдка сустракаюцца ў практыцы Касцёла. У наступнай нашай перадачы мы пагаворым пра іншыя сітуацыі, якія не дазваляюць заключыць сапраўднае сужэнства, а на сёння я з вамі развітваюся. 

Кс. Дзмітрый Пухальскі

 








All the contents on this site are copyrighted ©.