2015-08-19 11:41:00

Епіскапат Калумбіі пра сустрэчу Папы з паўстанцамі


Сустрэча Папы з прадстаўнікамі Рэвалюцыйных узброеных сіл Калумбіі (FARC), якія ў Гаване вядуць перамовы з дэлегацыяй калумбійскага ўрада, магчымая, лічыць старшыня епіскапату Калумбіі, арцыбіскуп Луіс Аўгуста Кастра Кірога. Ён размаўляў 17 жніўня 2015 г. у кубінскай сталіцы з дэлегацыяй левых партызан “FARC” і адзначыў, што перамовы з’яўляюцца вельмі сур’ёзнымі і перспектыўнымі, а песімізм, які выказваюць некаторыя колы, не апраўданы. Ён вынікае з таго, што сустрэчы паміж рэвалюцыянерамі і ўрадам цягнуцца ўжо амаль тры гады без бачных вынікаў.

Запланаванае ўжо некаторы час таму спатканне дэлегацыі калумбійскага епіскапату з перагаворшчыкамі “FARC” у Гаване доўжылася каля двух гадзін. Пасля яго завяршэння арцыбіскуп Кастра Кірога сказаў, што Святы Айцец паінфармаваны аб ходзе перамоў, і было б добра, калі б ён пачуў непасрэдна меркаванне іх удзельнікаў. Папа жадае ўнесці свой уклад у дасягненне міру ў Калумбіі, якая пакутуе ад паўвекавога збройнага канфлікту. На сустрэчы біскупаў з партызанамі ішла гаворка пра ўдзел у працэсе перамоў папскага дэлегата. Гэта дало б магчымасць Францішку ўнесці свой канкрэтны ўклад.

Прадстаўнікі “FARC” пацвердзілі сваё жаданне сустрэцца з Папам падчас яго паездкі на Кубу ў верасні, адзначыўшы, што гэта залежыць ад Святога Пасаду і кубінскіх уладаў. Калі гаворка ідзе пра папскага прадстаўніка на перамовах у Гаване, такое рашэнне павінны прыняць абедзве дэлегацыі, ураду і партызанаў. “FARC” спадзяецца на падтрымку мірнага працэсу з боку каталіцкай супольнасці. Паводле лідэра левых паўстанцаў Лучана Марын Аранга, які называе сябе Іван Маркес, досвед Касцёла мог бы дапамагчы ў дасягненні пагаднення з урадам Калумбіі. Ён адзначыў, што размова з біскупамі датычыла ўсіх тэм, якія абмяркоўваліся ў ходзе перамоў, у тым ліку двухбаковага і канчатковага спынення агню.








All the contents on this site are copyrighted ©.