2015-08-19 15:32:00

Cужэнства (VI)


Мы працягваем нашыя разважанні над нормамі права, якія рэгулююць цэлебрацыю сакрамэнта сужэнства. Апрача згоды бакоў, для сапраўднасці сужэнства патрабуецца таксама пэўная форма яго цэлебрацыі, і сёння аб гэтай форме мы пагаворым. 

Толькі такія сужэнствы з’яўляюцца сапраўднымі, якія заключаюцца ў прысутнасці ардынарыя месца або пробашча ці дэлегаванага адным з іх святара ці дыякана, якія павінны асіставаць пры сужэнстве, а таксама двух сведкаў у адпаведнасці з правіламі, аб якіх мы пагаворым трохі пазней. Іншымі словамі, для сапраўднасці сужэнства патрэбна наяўнасць святара або дыякана (але не любога, а ардынарыя, пробашча ці дэлегаванага імі), а таксама наяўнасць двух сведкаў. Ардынарый месца і пробашч, хіба што з моцы судовага рашэння або дэкрэту яны былі экскамунікаваныя, пакараныя інтэрдыктам або суспендаваныя ад выканання пасады, або былі такімі аб’яўленыя, менавіта ардынарый месца і пробашч з моцы сваёй пасады ў межах сваёй тэрыторыі сапраўдным чынам асістуюць пры сужэнствах не толькі сваіх падуладных, але таксама і непадуладных, калі па меншай меры адзін з іх належыць да лацінскага абраду. Ардынарый і персанальны пробашч (такія ёсць напрыклад, у адносінах да вайскоўцаў або вернікаў нейкай канкрэтнай моўнай групы) з моцы сваёй пасады сапраўдным чынам асістуюць пры сужэнстве толькі тых асобаў, з якіх па меншай меры адна з’яўляецца іх падуладнай у межах юрысдыкцыі. Так гучаць нормы права. Але звернемся да нашай беларускай рэчаіснасці. Часцей за ўсё ў нашых касцёлах адбываюцца шлюбы або каталікоў аднаго абраду (лацінскага) або каталікоў розных абрадаў (лацінскага і ўсходняга), або католіка з праваслаўным, пратэстантам або неахрышчаным, і мы павінны захоўваць права абодвух бакоў. Разгледзем кожную сітуацыю паасобку.

Шлюб двух каталікоў лацінскага абраду або каталікоў лацінскага і ўсходняга абрадаў. Адразу варта заўважыць, што святар лацінскага абраду не можа благаслаўляць сужэнства двух каталікоў усходняга абраду, а да такога абраду належаць праваслаўныя, якія перайшлі ў каталіцызм. Сапраўдна і годна гэты шлюб ўдзяляе ардынарый месца, пробашч, святар ці дыякан, імі дэлегаваны (дыякан можа благаслаўляць толькі такія сужэнствы, дзе абодва нарачоных з’яўляюцца католікамі лацінскага абраду), ў парафіі аднаго з нарачоных. Існуе таксама магчымасць заключыць гэты сакрамэнт у іншай парафіі па розных прычынах, часцей за ўсё, людзі выбіраюць месца сужэнства там, дзе ім больш падабаецца касцёл. У такой сітуацыі яны могуць падрыхтавацца да шлюбу ў сваёй парафіі і ад пробашча ўзяць ліцэнзію на заключэнне сужэнства ў іншай парафіі, або з самога пачатку ўзяць дазвол ад пробашча і рыхтавацца да сужэнства ў іншай парафіі. 

Наступная сітуацыя – сакрамэнт сужэнства паміж католікам і праваслаўным. Мы ўжо казалі аб тым, што для годнай цэлебрацыі такога сужэнства патрабуецца згода ардынарыя месца і павінны быць выкананыя наступныя ўмовы – каталіцкі бок павінен паабяцаць, што зробіць усё магчымае, каб не страціць сваёй веры, ахрысціць і выхаваць дзяцей у каталіцкай веры, а праваслаўны бок павінен засведчыць, што ён ведае аб рэлігійных абавязках каталіцкага боку і не будзе перашкаджаць яму ў вызнаванні сваёй веры. Такое сужэнства можа благаслаўляць толькі святар – не можа гэтага рабіць дыякан, таму што для праваслаўнага боку патрабаванне святарскага благаслаўлення з’яўляецца неабходным для сапраўднай цэлебрацыі сужэнства. Што датычыць шлюбу з неахрышчанай асобай, то, як мы ужо казалі, на такі шлюб ардынарый павінен даць не дазвол, а дыспенсу – і гэта патрабаванне для сапраўднасці. Калі гаворка ідзе аб сужэнстве з пратэстантам, то на такі шлюб павінен быць дазвол ардынарыя, а калі сужэнства маецца адбыцца ў пратэстанкім касцёле, то таксама і дыспенса ад кананічнай формы. 

Там, дзе не хапае святароў і дыяканаў, дыяцэзіяльны Біскуп можа, атрымаўшы папярэдне пазітыўную адзнаку Канферэнцыі Біскупаў і атрымаўшы дазвол Святога Пасада, дэлегаваць свецкіх для асіставання пры сужэнстве – але на шчасце, у Беларусі такой сітуацыі няма. Калі асоба, якая згодна з прадпісаннямі права з’яўляецца кампетэнтнай для асіставання пры сужэнстве, недаступная або нельга да яе звярнуцца без паважных цяжкасцяў, той, хто хоча заключыць сапраўднае сужэнства, можа яго сапраўдна і годна заключыць у прысутнасці толькі двух сведкаў у небяспецы смерці, або па-за небяспекай смерці, калі разумна прадугледжваецца, што такі стан рэчаў пратрывае на працягу месяца. У такіх выпадках калі знойдзецца іншы святар або дыякан, які можа прысутнічаць пры цэлебрацыі сужэнства, ён павінен быць пакліканы і павінен прысутнічаць разам са сведкамі, хаця сужэнства будзе сапраўдна і ў прысутнасці толькі двух сведкаў.

Паважаныя радыёслухачы! У наступнай нашай перадачы мы працягнем гаворку аб сакрамэнце сужэнства, а на сёння я з вамі развітваюся. Пахвалёны Езус Хрыстус!

 








All the contents on this site are copyrighted ©.