2015-08-16 12:18:00

Пантыфік перад "Анёл Панскі": Эўхарыстыя змяняе жыццё ў дар


Эўхарыстычная Камунія, калі прымаецца з верай, перамяняе жыццё ў сапраўдны рад для Бога і блізкіх, адзначыў папа Францішак 16 жніўня 2015 г. перад малітвай “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. Сваё кароткае разважанне Пантыфік прысвяціў значэнню Эўхарыстыі ў штодзённым жыцці вернікаў.

“У гэтыя нядзелі літургія прапануем нам прамову Езуса, з Евангелля паводле св. Яна, аб “Хлебе жыцця”, якім з’яўляецца Ён сам, а таксама сакрамэнт Эўхарыстыі, – заўважыў Папа. – Сённяшні ўрывак прадстаўляе апошнюю частку гэтай прамовы і звяртае ўвагу на некаторых людзей, якія абураліся словам Езуса: “Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, мае жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень” (Ян 6,54). Дзіўленне слухачоў – зразумелае; Езус выкарыстоўваў стыль уласцівы прарокам, каб выклікаць у людзей – а таксама і ў нас – пытанні, а затым і рашэнне. Перш за ўсё пытанні: што значыць “спажываць цела і піць кроў” Езуса? Гэта толькі вобраз, сімвал, ці гэта ўказвае на штосьці рэальнае? Каб адказаць, неабходна адчуць, што адбывалася ў сэрцы Езуса калі ламаў хлябы для галоднага народу. Ведаючы, што павінен памерці за нас на крыжы, Езус атаясамліваў сябе з гэтым паламаным і падзеленым хлебам, які станавіўся для Яго “знакам” Ахвяры, што чакала Яго. Гэты працэс мае сваю кульмінацыю ў Апошняй вячэры, дзе хлеб і віно па-сапраўднаму сталі Яго Целам і Крывёй. Гэта Эўхарыстыя, якую Езус нам пакінуў з дакладнай мэтай: каб мы маглі стаць адно з Ім. Таму Ён казаў: “Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, трывае ўва Мне, а Я ў ім” (Ян 6,56). Камунія – гэта ўпадабненне: спажываючы Яго, становімся, як Ён. Але гэта патрабуе нашага “так”, нашай адданасці веры.

Часам, у адносінах да св. Імшы, даводзіцца чуць такія пярэчанні: “Навошта патрэбна Імша? Я хаджу у касцёл, калі адчуваю патрэбу, а малюся лепш у адзіноце”. Але Эўхарыстыя – гэта не прыватная малітва або цудоўны духоўны досвед, гэта не просты ўспамін таго, што Езус учыніў падчас Апошняй вячэры: каб лепш зразумець мы кажам, што Эўхарыстыя – гэта “мемарыял”, што значыць жэст, які актуалізуе і робіць прысутнай смерць і ўваскрасенне Езуса: хлеб, гэта сапраўды Яго падараванае Цела, а віно, гэта сапраўды Яго пралітая кроў.

Эўхарыстыя – гэта сам Езус, які цалкам дорыць нам сябе. Насычэнне Ім і прабыванне ў Ім праз эўхарыстычную Камунію, калі робім гэта з верай, перамяняе наша жыццё ў дар Богу і братам. Насычацца гэтым “Хлебам жыцця”, азначае ўваходзіць у сугучча з сэрцам Хрыстам, рабіць сваімі Яго рашэнні, Яго думкі, Яго паводзіны. Гэта азначае ўваходзіць у дынамізм бескарыслівай любові і станавіцца людзьмі супакою, прабачэння, прымірэння, салідарнага дзялення. Менавіта так чыніў Езус.

Езус закончыў сваю прамову такімі словамі: “Хто спажывае гэты хлеб, будзе жыць навекі” (Ян 6,58). Так, жыццё канкрэтным і рэальным адзінствам з Езусам на гэтай зямлі, дазваляе перайсці ад смерці да жыцця. Неба пачынаецца менавіта ў гэтым адзінстве з Езусам, а там нас ужо чакае Марыя, наша Маці – учора мы святкавалі гэту таямніцу. Няхай яна выпрасіць для нас ласку заўсёды з верай насычацца Езусам, Хлебам жыцця”.

Пасля малітвы Францішак прывітаў прысутных на плошчы св. Пятра пілігрымаў. Ён асабліва звярнуўся да членаў Салезіянскага моладзевага руху, якія сабраліся ў гэтыя дні ў Турыне, каб адзначаць 200-годдзе нараджэння св. Яна Боска.








All the contents on this site are copyrighted ©.