2015-08-15 15:06:00

Янка Купала (ІІІ)


У мінулай перадачы мы гаварылі пра віленска-пецярбурскі перыяд творчасці Янкі Купалы, які прыпадаў на 1908-1914 гады. У гэты час наш паэт ствараў вершы пра прыроду, каханне, аднак асноўным матывам яго творчасці заставалася апісанне цяжкага жыцця беларускіх сялян і пошукі дарогі да шчасця для сваіх суайчыннікаў.

Янка Купала пісаў і вялікія паэтычныя творы – паэмы. Сёння мы пагаворым пра паэмы, створаныя паэтам у дасавецкі перыяд. 
У 1907 годзе Купала піша паэмы “Зімою”, “Нікому!”, “Калека”, “Адплата каханню”, у 1908 – “У Піліпаўку”, “За што?”, “Адвечная песня”. У 1910 годзе пясняр стварае знакамітую паэму “Курган”, а таксама “Сон на кургане”, праз год піша “На куццю” і “На Дзяды”. Чарговы чатыры паэмы Янка Купала піша ў 1913 годзе: “Бандароўна”, “Магіла льва”, “Яна і я”, “На паласе”.

Асноўная тэма паэм Янкі Купалы, падобна як і вершаў, – трагічнае жыццё беларускіх сялян. Калі чытаеш некаторыя раннія паэмы песняра, нават здаецца, што ён перабольшвае трагізм рэальнага жыцця. Напрыклад, у паэме “Калека” распавядаецца гісторыя юнака, які з-за беднасці сям’і быў спачатку аддадзены на служэнне ў панскі двор, адтуль – у войска. На вайне ён страціў руку. Вярнуўшыся дадому, пачаў служыць лесніком, і ў часе няшчаснага выпадку страціў нагу. Калека, які атрымаў мянушку Кукса, вымушаны быў жабраваць, каб мець сродкі на жыццё, пакуль не спаткаў сваю смерць:

- Еду… Дзе крыж ля дарогі,
Штось відаць, як хто лёг спаці,
Глянуў… Мёртвы Кукса ўбогі…
Так жыццё ён скончыў, браце.

Паэмы Купалы  не маюць аптымістычнага завяршэння. Галоўная гераіня паэмы “Зімою” Гануля – дзяўчына, якую бацькі вымушаныя былі аддаць на службу ў панскі двор. Там яна пакахала хлопца Цімоха, якога неўзабаве аддалі ў салдаты. Вынікам кахання Цімоха і Ганулі становіцца пазашлюбнае дзіця, дзяўчыну выганяюць з панскага двара. Вяртаючыся ў бацькоўскую хату, Гануля па дарозе замярзае і ператвараецца ў жудасны прывід, які палохае падарожных у тым месцы, дзе сканала няшчасная.

У больш позніх паэмах – “Курган”, “Бандароўна” – галоўныя героі ўжо не проста няшчасныя ахвяры прыгнятальнікаў. Гэта волаты духу, якія могуць прамовіць праўду перад абліччам зла. Стары гусляр, які сваімі песнямі радуе сялян, адмаўляецца спяваць для іх прыгнятальніка князя, хоць гэта пагражае яму смерцю:

- Бачыш, княжа, загоны, лясы, сенажаць, --
Ім пакорны я толькі з гуслямі,
Сілен, княжа, караць, галаву сілен зняць, --
Не скуеш толькі дум ланцугамі.

Падобна і дзяўчына Бандароўна адмаўляецца ад заляцанняў пана Патоцкага, які прапануе ёй выбар – вясёлае безклапотнае жыццё ў немаральных уцехах ці смерць:

- Чым з табою піць, гуляці,
Ночкі каратаці,--
Лепш навекі косці парыць
У зямельцы-маці!

Нягледзячы на тое, што галоўныя героі гэтых паэм гінуць ад рук антыгероеў, яны выглядаюць не ахвярамі, а пераможцамі, якія не паддаліся спакусам зла, засталіся вернымі сваім ідэалам і пацярпелі за праўду.

Антыгероі ў паэмах Купалы – гэта людзі, якія ўвасабляюць разгульны, грэшны лад жыцця. Яны праводзяць свай час у лайдацтве, п’янстве, не шануюць чалавечае жыццё і могуць з-за капрызу забіць іншага чалавека. Яны не шануюць чысціню, для іх распуста з’яўляецца нормай. Такі князь з паэмы “Гусляр”, Патоцкі з “Бандароўны”, пан з паэмы “Нікому!”. У апошняй распавядаецца гісторыя закаханых – Алены і Тамаша. Яны нават пабраліся шлюбам, але на іх вяселле з’яўляюцца панскія гайдукі, бо пан паклаў вока на маладую. Каб захаваць каханую ад гвалту, Тамаш забівае Алену, і сканчае сваё жыццё на катарзе. Аднак і пана чакае нешчаслівая смерць:

- Пасля ўсё ж са злосці
Павесіўся ён,
Як на зямлі нашай
Мінуўся прыгон.

Ствараючы вобразы Гусляра, Бандароўны, паэт, магчыма надхняўся прыкладам хрысціянскіх мучанікаў, і асабліва – святога Андрэя Баболі. Янка Купала вельмі шанаваў гэтага святога і стварыў дзве паэмы, прысвечаныя яму: “Святы Андрэй Баболя, мучанік беларускі” і “Святы Андрэй Баболя, мучанік беларускі за веру”. Паэт асабліва шануе святога за тое, што той адмовіўся ад багатага і камфортнага жыцця і стаў суцяшальнікам і асветнікам беднага палескага люду, якому нёс Божае слова:

- Зрокся панскіх дастаткаў, уцехі і славы,
Неба тайнага кліку паслухаў;
Пасвяціўся на службу за Божую справу,
Ў сэрцы маючы Божага Духа.
І вясковую, ўбогую, цёмную хату
Палюбіў з яе горам, нудою,
З добрым словам, з пацехай спяшаўся да брата,
Ўсім атуху прыносіў з сабою.

Святы Андрэй Баболя і пасля смерці не перастае заступацца за беларускі народ, за тых, хто жыве ў горы, смутку, за ўсю нашую краіну:

- Хоць і панствам Яго –
Неба Божы прастор,
Ён слязу не адну
Свайму люду уцёр
Будзе жыць без канца,
Слыць цудамі ўсяды
Гэты мучанік наш,
Беларускі Святы,
І заступіцца Ён
Перад Богам не раз
І за наш бедны край,
І за змучаных нас.

У творчасці Янкі Купалы хацелася б асобна вылучыць паэму “Магіла льва”. У ёй аўтар адыходзіць ад звычайнага антаганізма добрыя сяляне – дрэнныя паны, і паказвае як грэх скажае натуру чалавека. Машэка спачатку глыбока сімпатычны: бедны працавіты асілак горача закаханы ў прыгажуню Натальку. Аднак, калі каханая здраджвае яму і зыходзіць жыць у панскі палац, у яго душы адбываецца перамена: апанаваны прагай помсты і нянавісцю робіцца разбойнікам і забойцам, які не шкадуе нікога:

- Спачатку дань жыццём палацілі
Яму адны багатыры,
Пасля знаходзілі ў магіле
Спачын і вёсак жыхары.

Калі Машэка гіне ад рукі сваёй былой каханай, яго смерць не выклікае спачування ў чытача. У “Магіле льва” Купала падкрэслівае, што падзел паміж дабром і злом праходзіць не паміж сацыяльнымі групамі, а глыбока ў душы чалавека. У наступнай перадачы мы пагаворым пра творчасць Янкі Купалы ў вырашальны для беларускага народу час – распаду Расійскай імперыі і абвяшчэння незалежнасці Беларусі.

Айцец Андрэй Крот








All the contents on this site are copyrighted ©.