2015-08-15 15:10:00

Янка Купала (ІV)


У мінулых перадачах мы гаварылі пра раннюю творчасць Янкі Купалы, віленска-пецярбурскі перыяд яго жыцця і паэмы. Спыніліся на тым, што з кастрычніка 1913 года паэт жыве ў Вільні, а з сакавіка 1914 года з’яўляецца рэдактарам газеты “Наша ніва”. У жніўні 1914 года пачынаецца Першая сусветная вайна. У верасні 1915 года з-за набліжэння фронту Купала пераязджае з Вільні ў маёнтак Акопы (сённяшні Лагойскі раён Менскай вобласці), які належаў яго сястры і маці.

Паэт глыбока перажываў трагедыю вайны. Яго вершы гэтага перыяду поўныя змрочных вобразаў смерці, пакутаў. Нават у прыродных з’явах, якія натхнялі іншых паэтаў на ўзнёслыя вобразы, Купала бачыць знакі ваенных разбурэнняў і пагібелі. У вершы “Вясна 1915-я” ён піша так:

- Дык вось жа як прыйшла вясна жаданая на свет,
Калоцячы, як ліпай, змучанай зямлёй да дна.
Крывёй, пажарам, пошасцяй – людзям яе прывет,
А напіс на яе агнёвым знамені: Вайна!

У канцы верасня 1915 года паэт пераязджае ў Маскву, там вучыцца ў Народным універсітэце імя Л. А. Шаняўскага. Там жа ён 23 студзеня 1916 года жэніцца з Уладзіславай Францаўнай Станкевіч ды пераязджае ў Менск.

У студзені 1916 года Янку Купалу прызвалі ў армію, ён трапляе ў дарожна-сапёрны атрад, які знаходзіўся ў Менску, а летам таго ж года пераведзены ў Полацак. Час нямецкай акупацыі правёў у Смаленску. Там сустрэў і 25 сакавіка 1918 года – дзень абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Паэт атрымаў пасведчанне грамадзяніна БНР за №1042.

Купала вяртаецца ў Менск у студзені 1919 года. 25 жніўня выйшаў першы нумар рэдагаванай Купалам газэты «Звон». Ён піша новыя вершы і друкуе шматлікія артыкулы на тэмы нацыянальнага адраджэньня ды змаганьня за волю, адначасова перакладае на беларускую мову «Слова пра паход Ігараў».

Паэтычная спадчына Янкі Купалы ў 1914-1921 гадах невялікая. Мы не маем ніводнага ягонага твору з 1916 па восень 1918 года. У 1918 годзе паэт піша верш “Для Бацькаўшчыны”, у якім чарговы раз гаворыць: яго паэзія – гэта служэнне Беларусі:

- Адно, снуючы з сумам па праследдзі,
Я голасна йграць буду ў тайным брэдзе,
Для Бацькаўшчыны-маці буду йграць!

Бацькаўшчына для песняра – гэта не толькі месца, дзе ён нарадзіўся. Гэта сэнс яго існавання, творчасці, гэта – яго вера:

Не веру купленым прарокам,
Што з казальніц за грошы лгуць
І сочаць прагавітым вокам,
Скуль больш чырвонцаў ім нясуць.
Ні за якую плату, меру
Не дамся гэтай варажбе…
Ў народ і край свій толькі веру
І веру ў самаго сябе. 

Адзін з галоўных матываў творчасці Янкі Купалы ў 1918-1921 гадах – заклік да вырашэння лёсу Бацькаўшчыны. За беларусаў іх будучыню заўсёды вырашалі два моцныя суседы, што, на думку песняра, і стала прычынай нядолі:

- Чужы і свой хлеб становіцца жорсткім комам
І душыць кліч, ці доўга будзе нам заломам
Варшава панская і царская Масква.

Прыгадаем, што ў 1918-1921 гадах многія еўрапейскія народы, якія ўваходзілі ў склад Расійскай, Германскай і Аўстра-Венгерскай імперый атрымалі незалежнасць. Паэт заклікае і сваіх суайчыннікаў “на сход”:

- На сход, на ўсенародны, грозны, бурны сход
Ідзі аграблены, закованы народ!
Як роўны йдзі жыхар між роўных жыхароў,
Аддай на суд свае ўсе крыўды, слёзы, кроў.

У вобразе “Вялікага Сходу”, як заўважаюць даследчыкі творчасці Купалы, пясняр увасабляе ўсенародны масавы рух, які будзе вырашаць будучыню Беларусі:

- Час склікаць ужо грамаду
На вялікую нараду,
На вялікі сход!
Хай рассудзіць, хай разважа,
Слова цвёрдае хай скажа,
Скажа сам народ!
Як жыць мае, пажываці
Ў родным краю, ў роднай хаце,
Як заводзіць лад:
Ці жыць далей у няволі,
Ці разжыцца новай доляй,
Новы ўзнесць пасад.

Аднак, для Беларусі 1918-1921 гады былі не толькі часам атрымання незалежнасці. За гэты вельмі кароткі прамежак часу ў нашай Бацькаўшчыне неаднаразова змянялася ўлада, краіна літаральна пераходзіла з рук у рукі, аж пакуль не была падзеленая паміж двума магутнымі суседзямі – савецкай Расіяй і Польшчай. Паэт вельмі балюча перажываў гэтыя гістарычныя падзеі. Аднак, у пошуках выйсця, паэт пераступае межы палітычнай і сацыяльнай барацьбы. У яго вершах пачынаюць гучаць рэлігійныя матывы. Пачуцці, якія перажываў паэт, напэўна, адпавядалі тым, якія меў Псальміст падчас разбурэння Ерусаліму. Беларусь разбураная войнамі, многія яе сыны і дочкі пакінулі Бацькаўшчыну як бежанцы, многія загінулі. Купала робіць вершаваны пераклад псальма 78, і яго словы гучаць не толькі як апавяданне пра няшчасці народа Ізраіля, а як апісанне Беларусі, якой яе бачыў пясняр у 1920 годзе:

- Нашы суседзі нябожна паганьбілі нас;
Здзекам, пасмешышчам нас адалеў
Той, што у нашы сядзібы прыйшоў на папас,
Нашыя хаты змяніўшы ў хлеў.
Докуль, о Божа, ты гневацца будзеш маўчком?
Хутка ж твая ўспаланее заўзятасць агнём?!

Адлюстраваннем рэлігійных перажыванняў паэта можна лічыць верш “Паўстань…”, у якім Купала малюе апкаліптычны вобраз кагосці, падобнага да габрэйскага Месіі. Ён павінны быць прарокам, песняром, воінам і Ўладаром. Гэты беларускі Месія мусіць вызваліць нашую бацькаўшчыну, абудзіць народ, перамагчы ворагаў, аб’яднаць беларусаў:

- Паўстань з народу нашага, прарок,
Праяваў бураломных варажбіт,
І мудрым словам скінь з народу ўрок,
Якім быў век праз ворагам спавіт!

Чытаючы аб прыходзе Ўладара, можна зрабіць выснову, што мае на ўвазе не проста нацыянальнага лідара. Пра Ўладара паэт піша з вялікай літары. Апошнія радкі верша гучаць як заклік да нябеснага Ўладара, каб прыйшоў на Беларусь, якая даўно Яго чакае:

На Ўладара жджэ Беларусь даўно,
І жджэ цябе ўладарства Божы дар,
Вялікае, магутнае яно…
Пад беларускі сцяг, прыдзі, Ўладар!

Янка Купала вядомы не толькі як паэт, але і як выдатны драматург. Менавіта пра яго драматычныя творы мы пагаворым у наступнай перадачы.

Айцец Андрэй Крот

 








All the contents on this site are copyrighted ©.