2015-08-15 15:34:00

Ці быў Аляксандр VI атрутнікам?


Гаворачы пра папу Аляксандра VI Борджыа, нельга заставіць без увагі абвінавачванні ў фізічнай ліквідацыі яго палітычных апанентаў, уплывовых кардыналаў і ўсіх, хто перашкаджаў яго планам і асабістаму ўзбагачэнню. Паводле “чорнай легенды”, у эпоху Аляксандра VI ватыканскія пакоі, маўляў, пераўтварыліся ў сапраўдную і жудасную лабараторыю смерці, у якой вырабляліся самыя вытанчаныя атруты: некаторыя дзейнічалі маментальна, а іншыя толькі праз месяц. Маўляў, атручванне стала пры гэтым Папе звычайным спосабам вядзення палітыкі і дасягнення жаданых вынікаў. Ці сапраўды гэта так, мы паспрабуем разабрацца ў рамках нашай сённяшняй праграмы.

Па-першае важна падкрэсліць, што ў эпоху сярэдневечча атручванне было самай распаўсюджанай гіпотэзай для апраўдання смерці вядомых людзей, нават, калі яны паміралі ад звычайных хвароб ці старасці. Абвінавачванні ў атручванні маглі быць выгодныя для пачатку помсты ці стварэння негатыўнага вобразу таго ці іншага дзеяча.

Дастаткова адзначыць, што падобныя памылковыя абвінавачванні тычыліся не толькі “ахвяраў” Аляксандра VI. Напрыклад атручванне было названа прычынай смерці караля Генрыха VI Кастыльскага, які памёр ад хваробы печані, і князя Піка Мірандальскага, памерлага ад працяглай хваробы. Менавіта атруту называлі прычынай смерці папаў Урбана VIII і Льва Х, якія на самой справе памерлі ад малярыі, Пія ІІІ, памерлага ад падагры, і Бэнэдыкта XI, які памёр ад старасці. Такім чынам, легенды пра атручванне былі вельмі распаўсюджанымі і тычыліся не толькі перыяду, калі ў Ватыкане запанавала іспанская сям’я Борджыа.

Галоўным аўтарам абвінавачванняў Аляксандра VI у атручванні апанентаў з’яўляецца папскі цэрымонімайстар Ёган Буркард. Падобныя факты прыведзены ў яго дзённіку “Liber notarum” і адтуль “перасяліліся” у шматлікія іншыя крыніцы. 

Буркард паходзіў з беднай нямецкай сям’і. Ён ўступіў у кляштар у родным  Эльзасе, а затым быў прызначаны пісарам генеральнага вікарыя Страсбургскай дыяцэзіі. У 1467 г. яго злавалі на фальсіфікацыі і продажы касцёльных дакументаў. Гэты факт асабліва красамоўна кажа пра ўзровень сумленнасці будучага летапісца. 

Буркард уцёк ў Рым, дзе пазнаёміўся з некаторымі храністамі, прыбліжанымі да багатых рымскіх сем’яў, якія, натуральна, адлюстроўвалі погляды сваіх працадаўцаў. Сярод іх, дарэчы, быў адзін з аўтараў “чорнай легенды” пра Папу Борджыа Стэфано Інфесурыя. З 1475 г. ён знаходзіўся пры папскім двары, а ў 1483 г. стаў папскім цэрымонімайстрам. Буркард карыстаўся даверам папы Сікста IV і адказваў узаемнасцю: жыццё ўсіх пантыфікаў, акрамя Аляксандра VI, ён апісваў павярхоўна і пратакольна, не закрануючы якіх-небудзь фактаў з іх прыватнага жыцця. Аднак, гаворачы пра іспанскага Папу, Ёган Буркард апісваў “падзеі” у дробязях, не будучы аднак іх прамым сведкам, а дабаўлячы “многія пра гэта кажуць”... 

Буркард не меў былой павагі пры новым Пантыфіку, які марыў пра рэфармаванне і ачышчэнне Рымскай курыі. Акрамя таго, летапісец меў блізкія адносіны з багатымі рымскімі сем’ямі, незадаволенымі іспанскім лоббі ў Ватыкане. Ён меў усе прычыны, каб пісаць небыліцы пра Аляксандра VI. Менавіта таму гісторыкі ставяць пад сумнеў праўдзівасць яго запісаў. 

Менавіта Буркард на старонках свайго дзённіка абвінаваціў Папу ў атручванні сына турэцкага султана Баязіда ІІ Джэма. Апошні знаходзіўся ў Рыме ў якасці закладніка. Ён сябраваў з сынам Папы і вёў свабоднае жыццё. Яго прысутнасць на тэрыторыі Папскай дзяржавы стрымлівала туркаў ад экспансіі ў Еўропу. Султан выдаваў на ўтрыманне сына вялікія грошы, таму “зняволіць” Джэма на сваёй тэрыторыі імкнуліся многія іншыя еўрапейскія манархі. Адным з іх быў французскі кароль Карл VIII – ён жадаў атрымаць вялікі выкуп за турэцкага прынца і запатрабаваў у Папы яго перадачы. Была дасягнута дамова і Джэм адправіўся ў Неапаль. Аднак па дарозе прынц цяжка захварэў і памёр. Праведзенае расследаванне паказала, што прычынай яго смерці стала абвастрэнне бранхіту. Буркард, аднак, напісаў, што Джэм памёр ад атруты. Гэта абвінавачванне было на руку рымскім кланам, якія імкнуліся развязаць вайну паміж Карлам VIII і Аляксандрам VI, каб пазбавіць апошняга папскай тыяры.

Іншай псеўдаахвярай Папы Борджыа называюць князя Вірджыніа Арсіні – прадстаўніка багатай рымскай сям’і, падняўшай паўстанне супраць Пантыфіка, злучыўшыся з войскамі Карла VIII. Калі Пантыфік здолеў заключыць з апошнім мірную дамову, Арсіні засталіся без падтрымкі і пазбавіліся большай часткі сваёй маёмасці. Сам генерал Вірджыніа памёр у неапалітанскай турме. Тагачасныя фларэнтыйскія крыніцы адзначаюць, што Папа адносіўся да мяцежнага генерала са спачуваннем, міласэрнасцю і без пачуцця помсты. 

Гіпотэза аб тым, што яго атруцілі па загадзе Папы эксплуатавалася яшчэ ў тую эпоху. Яна не з’яўляецца магчымай, таму што Вірджыніа Арсіні знаходзіўся на тэрыторыі іншай дзяржавы, у якасці палоннага неапалітанскага караля Фердынанта ІІ. 

Новае жыццё і папулярызацыю гіпотэза атрымала дзякуючы нямецкаму гісторыку Фердынанду Грыгаровіюсу, які жыў у ХІХ ст. Між іншным, гэты гісторык-пратэстант з’яўляецца аўтарам шматлікіх “чорных легендаў” пра сям’ю Борджыа. Яго погляд на гісторыю Касцёла быў высока “адзначаны” італьянскімі ўладамі ў 1870-я гг., хутка пасля захопу Рыма і пачатку секулярызацыі Італіі. Грыгаровіюс нават стаў першым пратэстантантам, абвешчаным ганаровым грамадзянінам Рыма. Можна ўявіць сабе, якое каштоўнае значэнне для варожай Касцёлу ўлады мелі прадстаўленыя ім так званыя “факты”.

З гэтых прыкладаў бачна, што гісторыі пра атручванне апанентаў Пантыфіка выдумваліся з карыслівымі мэтамі або дзеля дыскрэдытацыі Папы. Гісторыкі адзначаюць, што пры дакладным аналізе становіцца, відавочна, што многія з так званых “атручаных” памерлі з іншых прычын незалежных ад волі Аляксандра VI. Гэта тычыцца як палітычных праціўнікаў, так і высокіх касцёльных іерархаў. Італьянскі гісторык Рафаэль Сабаціні адзначаў, што за 11 гадоў пантыфікату Аляксандра VI памёр 21 кардынал. Гэта ў два разы менш, чым у любое іншае дзесяцігоддзе любога іншага пантыфікату. Паводле гісторыкаў, толькі ў адносінах да шасці з іх можа быць прадстаўлена гіпотэза аб атручванні, але без належнага пацвярджэння гэтага. Такім чынам, міф аб выкарыстанні атруты Аляксандрам VI у якасці палітычнай прылады не пацвярджаецца.








All the contents on this site are copyrighted ©.