2015-08-15 10:34:00

Дзяржсакратар ЗША падзякаваў Пантыфіку і Святому Пасаду


Дзяржсакратар ЗША Джон Кэры падзякаваў Святому Айцу і Апостальскай Сталіцы за спрыянне ў аднаўленні дыпламатычных адносін паміж Злучанымі Штатамі і Кубай. 14 жніўня 2015 г. падчас цырымоніі ўзняцця амерыканскага флага над пасольствам ЗША ў Гаване, якое адкрылася пасля 54-гадовага перапынку, Кэры звярнуўся да прысутных з прамовай, у якой, між іншым, падзякаваў усім, каму Злучаныя Штаты і Куба абавязаны размарозкай адносінаў. Першымі ў спісе палітык назваў “папу Францішка і Ватыкан, якія зрабілі магчымым гэта”. 

У 2014 г. ватыканская дыпламатыя выступіла ў якасці пасярэдніка ў працэсе аднаўлення дыпламатычных адносін паміж Кубай і Злучанымі Штатамі Амерыкі. Яны былі разарваны ў 1961 г. Аб аднаўленні адносін лідэры краін паведамілі 17 снежня 2014 г. у адпаведных тэлезваротах да грамадзян.

Між іншым Рауль Кастра і Барак Абама адзначылі асаблівую ролю папы Францішка ў гэтым працэсе. “У прыватнасці хачу падзякаваць Яго Святасці Папе Францішку, чый маральны прыклад паказвае нам, што важна будаваць свет такім, якім ён павінен быць, а не проста прымаць яго такім, якім ён з’яўляецца”, - сказаў амерыканскі лідэр. Рауль Кастра таксама выказаў падзяку “Ватыкану і ў прыватнасці папе Францішку за спрыянне паляпшэнню адносін”.








All the contents on this site are copyrighted ©.