2015-08-14 12:04:00

Францішак пра важнасць эўхарыстычнай пабожнасці


“Сакрамэнтальная прырода веры мае свой найвышэйшы выраз у Эўхарыстыі. Яна з’яўляецца каштоўным пасілкам для веры, спатканнем з Хрыстом, па сапраўднаму прысутным праз найвышэйшы акт любові – дар самога сябе, які нараджае жыццё”. Гэтыя словы са сваёй першай энцыклікі “Lumen fidei” папа Францішак прывёў у лісце, дасланым свайму спецыяльнаму пасланніку на Х Нацыянальны Эўхарыстычны кангрэс, які праходзіць у Перу. Папскім легатам на мерапрыемства быў прызначаны кардынал Раўль Эдуарда Веле Кірыбоге, арцыбіскуп Кіта на пенсіі. Кангрэс праходзіць у горадзе П’юра 13-16 жніўня 2015 г. 

Святы Айцец звярнуў увагу на асаблівую сувязь веры і Эўхарыстыі. Ён заклікаў вернікаў да паглыблення эўхарыстычнага культу. “Эўхарыстычная пабожнасць павінна заняць асаблівае месца ў духоўнасці хрысціян”, - падкрэсліў Папа. 

Пантыфік выказаў задавальненне дзейнасцю шматлікіх каталіцкіх іерархаў з усяго свету, якія “падтрымліваюць розныя ініцыятывы, каб гэты асаблівы дар Езуса Хрыста стаў штодзённым хлебам кожнага верніка і прымаўся з вялікай верай”. 

У дадзеным кантэксце Францішак адзначыў важнасць правядзення Нацыянальнага Эўхарыстычнага кангрэсу ў перуанскай П’юры. Форум стане часам малітвы, разважання і духоўнага абнаўлення. Яго правядзенне супала са святкаваннем 75-годдзя мясцовай дыяцэзіі. Святы Айцец запэўніў у сваёй малітве ўдзельнікаў мерапрыемства і папрасіў маліцца за сябе, каб выконваў служэнне св. Пятра згодна з воляй Бога.








All the contents on this site are copyrighted ©.