2015-08-14 13:23:00

Святы Айцец падтрымаў мірны працэс у Калумбіі


Папа Францішак у чарговы раз патрымаў мірны працэс у Калумбіі. Святы Айцец скіраваў пасланне да ўдзельнікаў XVIII Сустрэчы магістратуры звычайнай юрысдыкцыі гэтай паўднёваамерыканскай краіны. Форум праходзіць у Картахене – адным з найбуйнейшых гарадоў Калумбіі, які знаходзіцца на беразе Карыбскага мора. Пантыфік заклікаў усіх “з крэатыўнасцю і адвагай” вызначыць рашэнні, “якія ўмацуюць мір і справядлівасць”. Дакумент скіраваны за подпісам кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна. У ім адзначаецца, што тэма сустрэчы: “Пераходная справядлівасць, мір і пост-канфліктны перыяд”, з’яўляецца фундаментальна важнай для будучыні Калумбіі ў актуальную глабалізаваную эпоху, а яе значэнне пераўзыходзіць нацыянальныя межы.

Падчас свайго восеньскага падарожжа на Кубу папа Францішак можа сустрэцца з прадстаўнікамі паўстанцаў Рэвалюцыйных узброеных сіл Калумбіі (ФАРХ). З 2012 г. лідэры гэтай марксісцкай узроенай групы працягваюць у Гаване мірныя перамовы з калумбійскімі ўладамі. Нядаўна яны заявілі пра жаданне сустрэцца ў Пантыфікам.

Канфлікт у Калумбіі працягваецца ўжо паўстагоддзя. Яго смяротнымі ахвярамі сталі каля 220 тыс. чалавек, яшчэ 6 млн. былі вымушаны пакінуць свае дамы. 20 ліпеня 2015 г. ФАРК абвясціла аб спыненні агню ў аднабаковым парадку, на што ўрад адказаў спыненнем бамбаванняў лагераў паўстанцаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.