2015-08-14 15:09:00

Ватыкан: білеты для праходу праз “Святыя дзверы”


Упершыню ў гісторыі, пілігрымы, якія на працягу Года Міласэрнасці пажадаюць прайсці праз “Святыя дзверы” у ватыканскай базыліцы, павінны будуць прадставіць білет, з пазначанай на ім датай і гадзінай свайго візіту. Яго можна будзе замовіць на сайце www.im.va і атрымаць бясплатна. Гэта ініцыятыва дапаможа ўрэгуляваць уваход пілігрымаў у базыліку, распавёў кс. Ліберыа Андрэата, кіраўнік Ватыканскага бюро пілігрымак (Opera Romana Pellegrinaggi), адказны за лагістыку падчас Юбілею. 

Асобы, якія не будуць мець доступу да інтэрнэту, змогуць атрымаць білет ў спецыяльным бюро, якое адкрыецца ў Замку Анёла ў Рыме і офісах Ватыканскага бюро пілігрымак. Пасля рэгістрацыі, ўладальнік білету павінен будзе прадэманстраваць яго на кантрольным пункце пры ўваходзе на вуліцу Канчыліацыёнэ, якая вядзе да Ватыкана. Увядзенне білетнай сістэмы, звязана, між іншым, з мерамі бяспекі.

Паводле апошніх дадзеных навукова-даследчага інстытута “Censis” у Год Міласэрнасці ў Рым могуць прыбыць 33 мільёны гасцей. Гэта на 8 млн. больш, чым у юбілейны 2000-ы год. У той час горад Рым і Ватыкан мелі, па меншай меры, шэсць гадоў, каб падрыхтавацца да падзеі. На гэты раз – усяго восем месяцаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.