2015-08-13 12:38:00

Святы Пасад і Усходні Тымор заключаць канкардат


Кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін, ад імя Апостальскай Сталіцы, падпіша канкардат з Усходнім Тыморам. Цырымонія адбудзецца 15 жніўня 2015 года ў сталіцы гэтай азіяцкай дзяржавы, горадзе Дылі.

Усходні Тымор з’яўляецца сапраўдным каталіцкім фарпостам у Азіі: 96% яго насельніцтва прыналежаць да Касцёла. 15 гадоў таму, падчас распрацоўкі Канстытуцыі краіны, настойліва гучалі галасы на карысць заканаўдаўчага замацавання статуса “каталіцкай дзяржавы”. Гэтыя прапановы, аднак, не былі рэалізаваны з-за пазіцыі Святога Пасаду, які параіў захоўваць свецкасць дзяржавы. Тым не менш Каталіцкі Касцёл сыграў фундаментальную ролю ў жыцці грамадства і палітыцы краіны, аказваючы уплыў на фарміраванне нацыянальнай тоеснасці жыхароў Усходняга Тымору.

Падпісанне канкардату паміж бакамі адбудзецца ў кантэксце святкавання 500-годдзя евангелізацыі азіяцкай краіны. На ўрачыстасці прыбудзе спецыяльны легат папы Францішка кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін. Яго візіт будзе працягвацца з 13 па 15 жніўня 2015 г. 

Бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца сустрэнецца з прэм’ер-міністрам Усходняга Тымору Руем Марыяй дэ Араўжу, які адзначыў, у афіцыйным паведамленні, што “Каталіцкі Касцёл, за больш чым 500 гадоў, аказаў выдатную духоўную, чалавечую і матэрыяльную падтрымку народу Тымора, рашучым чынам паспрыяўшы вызваленню Усходняга Тымору”.

Падрыхтоўка канкардату паміж бакамі пачалася ў 2006 годзе са стварэннем адпаведнай змешанай камісіі. У якасці ўзору для будучай дамовы быў узяты канкардат з Італіяй, каб надаць каталіцтву належнае публічнае прызнанне ўнутры кіравання, сферы адукацыі і жыцця грамадства. 








All the contents on this site are copyrighted ©.