2015-08-13 10:14:00

Рыцары Калумба дапамогуць хрысціянскім бежанцам


Асацыяцыя Рыцараў Калумба прыняла рашэнне аб стварэнні Фонда дапамогі хрысціянскім бежанцам. У першую чаргу ён будзе накіраваны на падтрымку вернікаў з Іраку і Сірыі, якія вымушаны пакідаць родныя дамы па прычыне пераследу.

Рашэнне было абвешчана Вярхоўным рыцарам Карлам Андэрсанам падчас штогадовай канвенцыі гэтай арганізацыі свецкіх католікаў. Яна праходзіла ў Філадэльфіі 4-6 жніўня 2015 г. У форуме прымалі ўдзел каля 2 тыс. дэлегатаў, у тым ліку каталіцкія іерархі з Блізкага Усходу.

Да гэтага часу Рыцары Калумба вылучылі каля 3 млн. долараў на дапамогу хрысціянам у Іраку і Сірыі, а таксама для хрысціянскіх бежанцаў з гэтых краін. Падчас сёлетняй канвенцыі было вырашана падвоіць дапамогу. Карл Андэрсан нагадаў, што падобная ініцыятыва падтрымкі католікаў, якія падвяргаліся пераследу ў Мексіцы, праводзілася Рыцарамі Калумба ў 1926 годзе.

Арганізацыя распачне таксама адукацыйную кампанію. У яе рамках будзе прадэманстравана, што злачынствы ўчыненыя супраць блізкаўсходніх хрысціян, з’яўляюцца злачынствамі супраць чалавецтва. Плануецца зняцце 30-секунднага рэкламнага роліку і стварэнне інтэрнэт-парталу “Christians at Risk” (Хрысціяне пад пагрозай).

Асацыяцыя Рыцараў Калумба была заснавана ў 1882 г. у амерыканскім Нью-Хейвене. Яе асноўная мэта – гэта дабрачыннасць і клопат аб абароне каталіцкіх сем’яў, надаючы асаблівую ўвагу абароне удоў і сірот. У яе склад уваходзяць каля 2 мільёнаў асоб.








All the contents on this site are copyrighted ©.