2015-08-12 15:38:00

Кардынал Паралін з візітам у Інданэзіі


Кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін знаходзіцца з візітам у Інданэзіі. Пурпурат правёў сустрэчу з Міністрам замежных спраў краіны Рэтна Марсудзі, падчас якой абмяркоўваліся тэмы міжрэлігійнага суіснавання, супрацоўніцтва ў сферы культуры і адукацыі. 

Апостальская Сталіца, “здаўна разглядае Інданэзію ў якасці добрага прыкладу і мадэлі міру, міжрэлігійнага суіснавання і талерантнасці паміж групамі розных веравызнанняў”, падкрэсліў высокі ватыканскі іерарх. Кардынал Дзяржсакратар высока ацаніў той факт, што ў Інданэзіі “людзі дэманструюць павагу, талерантнасць і адкрытасць на адметнасці”. Гэта робіць іх па-сапраўднаму адзіным народам, лічыць ён.

Тым не менш, у краіне здараюцца сутыкненні паміж мусульманамі і хрысціянамі. Тут, паводле бліжэйшага супрацоўніка Папы, неабходна “знайсці спосабы, каб паважаць і прымаць адметнасці; прыкладаць усе намаганні, каб не быць гвалтоўнымі і агрэсіўнымі”.

Інданэзія – гэта самая вялікая мусульманская краіна ў свеце: 86% яе 240-мільённага насельніцтва вызнае іслам. 17 жніўня 1945 г. Святы Пасад першым прызнаў незалежнасць краіны. Візіт Дзяржсакратара Яго Святасці Папы ў Інданэзію адбываецца ўпершыню з 1950 г. – пачатку дыпламатычных адносін паміж бакамі. Добрыя адносіны паміж імі былі ўмацаваны шэрагам папскіх візітаў, апошні з якіх здзейсніў св. Ян Павел ІІ, у 1989 г. 








All the contents on this site are copyrighted ©.