2015-08-11 11:35:00

У маладосці Папа планаваў стаць урачом


У маладосці папа Францішак марыў стаць урачом. Аб гэтым распавёў журналістам іспанскай газеты “ABC” яго пляменнік, Хасэ Ігнасыя – сын роднай сястры Святога Айца, Марыі Елены. Паводле яго слоў, Хорхэ Берголіа калісьці абяцаў сваёй маці, што пачне вывучаць медыцыну. Здавалася ўсё ішло менавіта да гэтага: ён атрымаў спецыяльнасць хіміка, працаваў у лабараторыі. 

Аднойчы маці Пантыфіка ўвайшла ў яго пакой і з вялікім здзіўленнем убачыла, што той рыхтуецца да паступлення ў семінарыю: перад ім ляжалі падручнікі па лацінскай мове і тэалогіі. “Хорхэ, ты мяне падмануў”, - абурылася жанчына. “Не матуля, я вывучаю медыцыну, медыцыну для душаў”, - адказаў ён.

Паводле Хасэ Ігнасыя, рашэнне стаць святаром, прынятае Хорхэ Берголіа, у сям’і было сустрэта са здзіўленнем. Яго маці напачатку паставілася да яго нядобра, бо думала, што “згубіла” старэйшага сына. “Гэта было складана для яе, але калі пагадзілася з яго рашэннем, адчула сябе шчаслівай”, - падзяліўся сваяк Пантыфіка.

Ён распавёў таксама, што Папа з’яўляецца цудоўным кухарам: яму заўсёды падабалася гатаваць для людзей. Акрамя таго, ён лічыць свайго дзядзьку чалавекам, які заўсёды дае добрыя парады і з’яўляецца вялікім жартаўніком. У ноч пасля абрання на Пасад св. Пятра ён патэлефанаваў сваёй сястры і на пытанне: “Як маешся?”, адказаў: “Добра, мая пухляшка”, а потым дадаў: “Я не мог адмовіцца”. Паводле Хасэ Ігнасыа, Хорхэ Берголіа не жадаў станавіцца Папам, бо вельмі прывязаны да Буэнас-Айрэса, але не мог не прыняць Божую волю.








All the contents on this site are copyrighted ©.