2015-08-10 15:09:00

Янка Купала (ІІ)


У мінулай перадачы мы пачалі гаворку пра вялікага беларускага песняра Янку Купалу. Сёння мы працягнем размову пра яго жыццё і творчасць, а ўжо праз некалькі дзён - 7 ліпеня - будзем святкаваць 133-я ўгодкі з дня нараджэння паэта.

У 1908 годзе Янка Купала пераязджае ў Вільню. Тут ён працуе ў бібліятэцы Даніловіча “Веды” і супрацоўнікам у рэдакцыі газеты “Наша ніва”. Праз год з рэкамендацыйным лістом беларускага публіцыста і філосафа Уладзіміра Іванавіча Самойлы прыязджае ў Пецярбург, да легенды беларускага адраджэння прафесара Браніслава Эпімах-Шыпілы. Тут Купала паглыбляе свае веды на агульнаадукацыйных курсах Чарняева, працуе ў Публічнай бібліятэцы, удзельнічае ў працы навукова-літаратурнага гуртка беларускіх студэнтаў Пецярбурскага ўніверсітэта. 

У 1908 г.  пецярбургскае выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца» выпусціла першы зборнік паэта «Жалейка», які двойчы канфіскоўвалі. Другі зборнік вершаў «Гусляр» (1910) выдадзены лацінкай.

У кастрычніку 1913 года паэт вяртаецца ў Вільню і займае пасаду сакратара ў “Беларускім выдавецкім таварыстве”. Купала працягвае супрацоўнічаць з рэдакцыяй газеты “Наша ніва”. У сакавіку 1914 года Янка Купала становіцца рэдактарам “Нашай нівы”. Адначасова ён дапамагае ў выданні паэтычных зборнікаў Канстанцыі Буйло і Максіму Багдановічу.

У вершах гэтае пары мы бачым Купалу разважлівым мысляром, а не гарачым рэвалюцыянерам, як у папярэдні перыяд творчасці. Ён не толькі змагаецца з няпраўдай, ён апявае прыгажосць, якую заўважае навокал.

- Вольным гоманам хвоек высокіх,
    Туманамі санлівых нізін,
Казкай векаў блізкіх і далёкіх
    Клічам, сонца, цябе як адзін!
Распусці залатыя косы,
    Схаладзелы загон ацяплі,
Аквяці лугавыя пакосы,
    Ўсходы новыя сей на зямлі.

Аднак нават сузіранне прыроды вяртае думкі паэта да лёсу свайго народа. У з’явах прыроды ён бачыць вобразы люду, які церпіць несправядлівасць і патрабуе вызвалення. У явары ўвасабляе паэт гаротны лёс пакінутага чалавека, а ў апісанні веснавой паводкі мы чуем заклік да абуджэння.

- За пакутнай за гарою
Ўзнёсся явар адзінокі
І ківае галавою,
Ўсё ківае ў свет далёкі.
    Колькі, бедны, крыўды мае?
    Колькі жалю ў гальным шуме:
    Хто падгледзе, хто згадае,
    Ўсё прачуе ў соннай думе?
(Верш “Явар”)

З грохатам, з лёскатам крыга за крыгаю
    Прэцца, нясецца ў нязнаную даль;
Хваля за хваляю коціцца, мігае,
    Ломіць прашкоды як молатам сталь.
Эх ты, разводзейка! Эх ты, бурлівае!
    Ты аднаўляеш, купаеш зямлю;
Вынесі ж, вынесі хваляй жычліваю
        К лепшаму шчасццю людскую сям’ю!
    (Верш “Паводка”).
   

Шлях вызвалення для Купалы ў віленска-пецярбурскі перыяд – гэта не толькі шлях асветы і ўзброенай барацьбы, як гэта было ў часы першай рускай рэвалюцыі. Вызваленне набывае рэлігійны характар, яно магчымае, бо Хрыстос уваскрос. Разам з Вялікаднем на свет прыходзіць вясна, абуджаецца прырода, і прыходзіць вера, што згіне ўсё зло і прыдзе шчасцце:

    -Вялікдзень! Вялікдзень! – ад нівы да нівы
        Заводзіць бацькоў сваіх песеньку сын.
    Зірні ж, азірніся, шчасліў, нешчаслівы.
        І заўтра ж на поле да сох як адзін!
    Дагэтуль мы плачам, дагэтуль мы стогнем,
        Адвечных ня можам пазбыціся слёз…
    Наперад па шчасце! Хай злое ўсё дрогне,
        Вясна ўжо на свеце, -- Хрыстос уваскрос!

Уваскрасенню Хрыста папярэднічаў крыж. Так і ў лёсе беларуса – Вялікадню папярэднічаюць пакуты, а крыж сучаснікам Купалы спадарожнічаў ад нараджэння да самай смерці.    

    - Чуць мы Божы свет убачым
    І да самай да магілы
    Ўсё, як ёсць, крыжамі значым,
    Ці то міла, ці не міла.
        Крыжам ляжаш за парогам
        У той цэркве, дзе хрысціўся,
        Крыжам ляжаш перад Богам,
        Каб цябе Ён не забыўся.
    Так жыцця крыж мусіш несці,
    Як дзяды твае насілі,
    А як данясеш да смерці, --
    Крыж паставяць на магіле.

У сваёй творчасці Купала працягвае заклікаць беларусаў імкнуцца да лепшай будучыні, да шчасця. Аднак паэт іранізуе над бяздзейнасцю беларусаў, чаканнем таго, што лепшая доля прыйдзе да іх сама, без працы і змагання. Так ён піша ў вершы “Беларус”:    

- Сеў, як той крыж на растаі,
        Сярод пушч і поля,
    Злажыў рукі і чакае
        Усё нейкай долі.
    Лом з крыжоў магільных звале,
        Бульбу падпякае…
    Пад’еў, сеў, як крыж, і далей
        Долі ўсё чакае.

У сваіх сатырычных вершах Купала крытыкуе і ворагаў беларушчыны, палітычных і грамадскіх дзеячаў, якія пад выглядам хрысціянства і служэння беларускаму народу сеялі нянавісць і гвалт. У вершы “Лямант пана Кавалюка” паэт такім чынам апісвае псеўдарэлігійнасць аднаго з чарнасоценных дзеячаў тагачаснай Беларусі:

     - Я хрысціянін, не паганін,
    Стварыў обчэство “Крэсцьянін”.
        Сам Дубровінка-нябожа
        Пахваліцца гэткім можа.
    Вось газетку надрукую,
    Чорна-чорную такую,
        Жыдоў біці і палякаў
        І з крамолай біцца ўсякай.

Нягледзячы  на запал барацьбы, на грамадскую дзейнасць, Янка Купала быў звычайным маладым чалавекам з чулым сэрцам, якое прагнула кахання. Гэтая прага знайшла адлюстраванне ў яго вершах, поўных цнатлівай пяшчоты, кранальных вобразаў і горкага суму з-за цяжкага лёсу, які не дазваляе каханым быць разам.    

- Не цурайся, дзяўчынка-галубка, мяне!
Пажалей, прыгалуб бедака-сірату:
Збудзі сэрца, збудзі, хай навек не засне,
Дабудзь песню з душы, разгані цемнату.
    Ой, так шоў – так сыходзіць мне год за гадком, -- 
    А ёсць шчасце, ах ёсць, на бяспутнай зямлі!
    Гэта шчасце ў каханні, ў змаганні са злом –
    Дык хадзі ж,  не ўцякай – душу, сэрца вазьмі!

У віленска-пецярбурскі перыяд Янка Купала стварае таксама шэраг паэм. Але пра іх мы пагаворым у наступнай перадачы.

Айцец Андрэй Крот

 








All the contents on this site are copyrighted ©.