2015-08-10 12:13:00

Святы Айцец даў інтэрв’ю парафіяльнаму радыё


Існуе толькі адзін спосаб выграць вайну – не весці яе, сказаў папа Францішак у інтэрв’ю радыёстанцыі парафіі Маці Божай з гары Кармэль у Кампа Гала, у аргентынскай правінцыі Сант’яга-дэль-Эстэра. 8 жніўня 2015 г. Святы Айцец паразмаўляў у прамым эфіры з двума аргентынскімі святарамі, аднаго з якіх, добра ведае яшчэ з часоў свайго біскупскага служэння ў Буэнас-Айрэсе.

Звяртаючыся да маладых радыёслухачоў Святы Айцец заўважыў, што некаторыя з іх, “заўчасна выходзяць на пенсію”. Ён заклікаў моладзь не быць сумнай і прыкладаць намаганні, каб клапаціцца пра іншых і змагацца за вялікія ідэалы. У гэтым, паводле Францішка, можна знайсці сапраўдную радасць.

Святы Айцец выказаў надзею, што хутка зможа адбыцца беатыфікацыя Марыі Антоніі дэ Пас і Фігуэры, вядомай як “Мама Антулі” – кансэкраванай свецкай верніцы, якая жыла ў XVIII ст. на паўночным усходзе Аргентыны і займалася папулярызацыяй езуіцкай духоўнасці. Яна сабрала вакол сябе групу маладых дзяўчат, якія разам жылі, маліліся і клапаціліся пра патрабуючых. Калі ў 1767 г. дзейнасць езуітаў у Аргентыне стала забароненай, Марыя Антонія дэ Пас і Фігуэра працягвалася падтрымліваць спраўнай пакінутую імі спадчыну.

У інтэрв’ю была закранута таксама тэма абароны навакольнага асяроддзя. Францішак выказаў заклапочанасць вырубкай лясоў у Паўночнай Амерыцы і заклікаў вернікаў клапаціцца пра прыроду. 








All the contents on this site are copyrighted ©.