2015-08-10 14:56:00

Карусь Каганец


Сёння мы пагаворым пра творчасць паэта і пісьменніка, які, паводле Максіма Гарэцкага, «па свайму нацыянальнаму беларускаму народніцкаму рамантызму належыць да часу Багушэвіча, а стаіць у гэтым часе зусім самабытна, арыгінальна, па-за ўсякімі ўплывамі і перайменьнямі; тут ён народнік і рамантык-адраджэнец». Ён вядомы нам пад псеўданімам Карусь Каганец.

Казімір Рафал Кастравіцкі (такім было сапраўднае імя пісьменніка) належаў да каталіцкага шляхецкага роду. Дарэчы, з гэтага роду паходзіць знакаміты французскі паэт Гіём Апалінер. Нарадзіўся будучы пісьменнік 10 лютага 1868 года. Яго бацька Караль удзельнічаў у паўстанні 1863—1864 гадоў, сасланы расійскімі ўладамі ў Табольск (дзе і з’явіўся на свет Казімір), а яго маёнтак канфіскаваны.

У 1874 сям'і дазволена вярнуцца ў Беларусь. Неўзабаве па вяртанні бацька будучага паэта памёр. Сям'і не ставала сродкаў для існавання, таму з 6 да 11 гадоў будучы пісьменнік працаваў пастушком. Затым яго маці заручылася з мясцовым селянінам і пераехала разам з сям'ёй пад Койданава.

Адукацыю Казімір Кастравіцкі атрымліваў у Менскім гарадскім вучылішчы, у 1890-х гадах вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. Літаратурную дзейнасць пачаў у 1893 годзе. У 1890 — пачатку 1900 г. публікаваў апрацоўкі народных паданняў у газетах «Минский листок» і «Северо-Западный край». У 1902—1903 удзельнічаў у стварэнні першай беларускай палітычнай партыі – Беларускай сацыялістычнай грамады. У сакавіку 1905 года ўдзельнічаў у І сялянскім з'ездзе Беларусі. У снежні 1905 году быў арыштаваны, і 5 месяцаў правёў у турме. Пасля вызвалення працягваў рэвалюцыйную дзейнасць. У 1910 годзе пісьменнік зноў быў арыштаваны і правёў год у Менскай турме.

Карусь Каганец апрацаваў кірылічны варыянт першага беларускага падручніка новага часу «Беларускі лемантар, або Першая навука чытання», распрацаваў праект адмысловага беларускага алфавіта. Аўтар драматычных твораў: пры жыцці асобным выданнем выйшаў вадэвіль «Модны шляхцюк», які карыстаўся вялікай папулярнасцю і быў адным з першых твораў нацыянальнага тэатральнага рэпертуару (ставіўся ў 1910 годзе трупай Ігната Буйніцкага, у 1918 годзе — Першым беларускім таварыствам драмы і камедыі). Шмат яго твораў згубілася, напрыклад зборнік, дасланы ў 1909 або 1910 годзе ў рэдакцыю «Нашай нівы», ці кніжкі для дзяцей, адасланыя ў выдавецкую суполку «Загляне сонца і ў наша аконца».

Карусь Каганец з’яўляецца аўтарам невялікіх апавяданняў і нарысаў, у якіх пераказвае народныя легенды пра паходжанне назваў вёсак і мястэчак, некаторых жывёл і птушак. Адначасова аўтар высмейвае людскія заганы: зайздрасць, сквапнасць, п’янства.
У апавяданні “Чым болей хто мае, тым болей жадае, альбо адкуль мядзьведзі на свет узяліся” пісьменнік расказвае беларускую легенду, падобную да “Залатой рыбкі” рускага класіка Аляксандра Пушкіна. Дзед пайшоў у лес, каб ссекчы ліпу. Дрэва запыталася яго: “Што табе трэба?” Стары разгубіўся, але “разумная” жонка навучыла яго прасіць спачатку, каб быць панам, потым ваяводай, потым царом, а нарэшце богам. На апошнюю просьбу чароўнае дрэва адказала: “Вота ж ідзі ты мядзьведзем, а твая баба – мядзведзіцаю!” І стары са сваёй сквапнай жонкай ператварыліся ў звяроў.

У апавяданні “Вітаўка” Каганей распавядае легенду аб царкве недалёка Фаніпаля, якая знаходзіцца сярод балота. Паводле падання, у тым месцы жыў багаты быярын Віт. “Жыў той Віт па праўдзе, у веры, і Бог быў на яго дужа ласкаў”. За цудоўнае выратаванне сваёй сядзібы ад захопнікаў-шведаў Віт пабудаваў у сябе ў двары царкву. “Адно нячыстая сіла не дрэмле, і пакусы вялікую сілу маюць. І ўпаў наш баярын у вялікі грэх, так што зямля нават здрыганулася”. Балота паглынула двор Віта, засталася толькі царква, якая з цягам часу таксама знікла ў багне. На яе месцы быў пабудаваны сціплы драўляны храм, які і застаў Кастравіцкі.
Карусь Каганец - аўтар шэрагу вершаў. У іх ён захапляецца хараством беларускай прыроды, піша пра каханне, апявае славу нашых продкаў.
Адзін з галоўных матываў паэзіі Каганца – любоў да Бацькаўшчыны. Паэт сваёй творчасцю хоча расказаць беларусам – хто яны. У вершы “Беларус” піша так:

- Хіба ты забыўся, як цар праваслаўны,
Айцец – бацюшка Расіі праслаўны –
    Усім русінам прыказ такі даў
    І рукою уласнай яго падпісаў,
    Што б русінаў болей не было на свеце,
    А ўсе расіяне – маскоўскія дзеці,
    А хто ся адважыць русінам ся зваці,
    Таго ў ссылку або расстраляці!

У вершы “Наш сымболь” паэт заклікае сваіх суайчыннікаў да вернасці сваёй Бацькаўшчыне, да вернасці праўдзе:

- За родну краіну, за звычай і мову,
За гонар груддзю ставайце!
Да будзьце верныя сваему слову,
З праўдай заўсюды трывайце!

У сваіх публіцыстычных творах Карусь Каганец, падобна, як і ў вершах, заклікае беларусаў да шанавання сваёй мовы і гонару за свой народ:
“Гэй, хлопцы, брацця мае, а сыны Зямлі Беларускай, каторая раскінулася ад Гродны да места Смаленска і ад Прыпяці аж на другі бок ракі Дзвіны перакінулася. … А ведаеце тое, што мова наша калісь слаўнай была, і быў час, калі наша мова працвітала пры дварэ каралёў польскіх. Ведайце, што спамеж вас больш, як спамеж другіх народаў славянскіх, слаўных людзей выходзіла даўней і цяпер выходзіць і розумам і ваеннымі заслугамі”.

Цікавіла Каруся Каганца рэлігійнасць беларусаў. Ён ведаў шмат народных звычаяў, якія сягалі каранямі паганскіх часоў. Пісьменнік так характарызаваў веру беларусаў: “Беларус хоч хрысціянін і набожны, а між тым ён напалавіну паганец, бо спраўляе верна ўсе абрады паганскія”. Нажаль, такую рэлігійнасць мы можам заўважыць і ў многіх нашых сучаснікаў.

Карусь Каганец памёр нечакана 20 мая 1918 года. Пахаваны ў вёсцы Навасёлкі каля Койданава, якая была родавай сядзібай Кастравіцкіх. У 1988 годзе на магіле пісьменніка пастаўлены помнік.

Айцец Андрэй Крот

 








All the contents on this site are copyrighted ©.