2015-08-09 12:58:00

Папа: не дастаткова сустрэць Езуса, каб паверыць у Яго


Не дастаткова сустракаць Езуса, чытаць Біблію і быць сведкам цудаў, калі сэрца закрыта на дзейнасць Святога Духа, адзначыў папа Францішак 9 жніўня 2015 г. перад малітвай “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра. Пантыфік заклікаў вернікаў углядацца ў прыклад Панны Марыі, каб вучыцца радасці і ўдзячнасці за дар веры. 

“У гэту нядзелю працягваецца чытанне шостага раздзела Евангелля паводле св. Яна, у якім Езус, пасля таго, як дзейсніў цуд памнажэння хлябоў, патлумачыў людзям значэнне гэтага “знаку” (Ян 6,41-51) – сказаў Святы Айцец. – Як учыніў раней з самаранкай, пачынаючы з досведу прагі і знаку вады, тут Езус пачаў ад досведу голаду і знаку хлеба, каб адкрыць самога сябе і заклікаць да веры ў сябе.

Народ Яго шукаў, народ Яго слухаў, бо прыняў цуды з энтузіязмам; хацеў зрабіць Яго каралём, але калі Езус сцвердзіў, што сапраўдны хлеб, падараваны Богам – гэта Ён сам, многія зняверыліся, не разумелі, і пачыналі абурацца паміж сабой: “Ці не Езус гэта, сын Юзафа, бацьку якога і маці мы ведаем? Як жа Ён кажа: “Я сышоў з неба?” (Ян 6,42). І абураліся. Тады Езус адказаў ім: “Ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі Айцец, які паслаў Мяне, не прыцягне яго”, і дадаў: “хто верыць у Мяне, мае жыццё вечнае” (44.47).

Гэта слова Пана нас здзіўляе і прымушае задумацца. “Ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі Айцец, які паслаў Мяне, не прыцягне яго і хто верыць у Мяне, мае жыццё вечнае”. Яно ўводзіць нас у дынаміку веры, якой з’яўляюцца адносіны: адносіны паміж чалавечай асобай – усімі намі – і Асобай Езуса, дзе вызначальную ролю грае Айцец і канешне Святы Дух, які тут падразумяваецца. 

Не дастаткова сустракаць Езуса, каб паверыць у Яго; не дастаткова чытаць Біблію, Евангелле – што безумоўна важна, але гэтага не дастаткова; не дастаткова нават быць сведкам цудаў, як напрыклад памнажэння хлябоў... Многія людзі мелі блізкі кантакт з Езусам і не паверылі ў Яго, больш за тое, нават пагардзілі Ім і асудзілі Яго. І я задаю сабе пытанне: чаму так? Ці не прывабліваў іх Айцец? Так адбылося таму, што іх сэрца было закрытым на дзейнасць Святога Духа. Калі маеш сэрца закрытае – вера не ўваходзіць. Бог Айцец заўсёды прыцягвае да Езуса; але гэта мы адкрываем і закрываем нашы сэрцы. Вера, аднак, якая з’яўляецца нібыта зернем кінутым у глыбіню сэрца – прарастае, калі дазваляем Айцу “прыцягнуць” нас да Езуса, і “ідзем да Яго” з адкрытай душой і адкрытым сэрцам, без прадузятасцяў; тады распазнаем у Яго абліччы – аблічча Бога, а ў Яго словах – слова Божае, бо Дух Святы ўводзіць нас ў адносіны любові і жыцця, якія існуюць паміж Езусам і Богам Айцом. І тут мы атрымліваем дар, дар веры. 

Таму, з такой пазіцыяй веры, можам зразумець таксама сэнс “Хлебу жыцця”, які Езус нам ахвяруе, і які выразіў наступным чынам: “Я – хлеб жывы, які сышоў з неба. Калі хто будзе спажываць гэты хлеб, будзе жыць вечна. А хлеб, які Я дам, гэта Цела Маё дзеля жыцця свету” (Ян 6,51). У Езусе, у Яго “целе” – гэта значыць у яго канкрэтнай чалавечнасці – прысутнічае ўся любоў Бога, якой з’яўляецца Святы Дух. Каго прыцягне гэта любоў – той пойдзе да Езуса ў веры, і атрымае ад Яго жыццё, жыццё вечнае.

Узорным чынам гэты досвед перажыла Панна з Назарэту, Марыя: першая чалавечая асоба, якая паверыла ў Бога, прыняўшы цела Езуса. Будзем вучыцца ад Яе, нашай Маці, радасці і ўдзячнасці за дар веры. Дар, які не з’яўляецца “прыватным”, не з’яўляецца “прыватнай уласнасцю”, але які павінен быць раздзелены: гэты дар “для жыцця свету!”. 

Пасля малітвы Францішак выказаў занепакоенасць сітуацыяй у Сальвадоры, абцяжаранай засухай, эканамічным крызісам і ростам насілля. Папа заклікаў народ краіны заставацца паяднаным у надзеі і папрасіў вернікаў маліцца, каб на роднай зямлі бл. Оскара Рамэра запанавалі справядлівасць і мір.








All the contents on this site are copyrighted ©.