2015-08-08 14:24:00

У Касцёле новы мучанік – іерарх часоў Атаманскай імперыі


 

8 жніўня 2015 г. папа Францішак прыняў на прыватнай аўдыенцыі кардынала Анджэла Амата, прэфекта Кангрэгацыі па справах Кананізацыі. Падчас яе, Святы Айцец ухваліў дэкрэт аб прызнанні мучаніцтва Слугі Божага Міхаэлюса Флавіянуса Мелкі, з Брацтва св. Ефрэма, епіскапа Джызрэ, народжанага ў 1958 г. і забітага з нянавісці да веры 29 жніўня 1915 г.

Будучы благаслаўлёны быў іерархам Сіра-каталіцкай Царквы ў Джызрэ – горадзе на мяжы паміж Турцыяй і Іракам. Летам 1915 г., у момант пачатку пераследу армян і прадстаўнікоў іншых рэлігійных меншасцяў у Атаманскай імперыі, ён знаходзіўся ў Азаху, але даведаўшыся пра тое, што адбываецца, вярнуўся ў сваю дыяцэзію. Епіскап адмовіўся ўцякаць і хавацца, нягледзячы на парады сваіх сяброў ісламскага веравызнання.

Быў арыштаваны 28 жніўня разам з халдэйскім епіскапам Жакам Абрагамам. Паводле сведчанняў, абодвух схілялі да адрачэння ад хрысціянства і прыняцця ісламу. За адмову епіскап Абрагам быў растраляны, а епіскап Мелкі забіты да страты прытомнасці і абезгалоўлены.

Пасля беатыфікацыі архіепіскапа Армянскай Каталіцкай Царквы Ігнацыя Малаяна, здзейсненай у 2001 г. св. Янам Паўлам ІІ, гаворка ідзе пра другое прызнанне мучаніцтва за веру, перажытае падчас генацыду армян і іншых рэлігійных меншасцяў у Атаманскай імперыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.