2015-08-07 09:41:00

Рабіны дапамогуць у рэстаўрацыі касцёла ў Святой Зямлі


Група іерусалімскіх рабінаў арганізавала збор сродкаў на рэстаўрацыю касцёла “Памнажэння хлябоў” ў Табхе, на беразе Тыберыядскага возера – месцы, дзе адбылося памнажэнне хлябоў і рыбаў Езусам Хрыстом. Каталіцкая святыня тут была пабудавана ў ХХ ст. на месцы руінаў візантыйскай царквы, разбуранай ў VII cтагоддзі. 18 чэрвеня 2015 г. яна была падпалена экстрэмістамі і атрымала сур’ёзныя пашкоджанні ў выніку пажару. 

Ініцыятарам збору ахвяраванняў на аднаўленне храму выступіў рабін Алон Гашэн-Готштайн, заснавальнік “Elijah Interfaith Institute” – таварыства, якое аб’ядноўвае прадстаўнікоў розных веравызанняў, задзейнічаных у міжрэлігійным дыялогу, паведамляе ватыканскае выданне “L’Osservatore Romano”. Яго падтрымалі іншыя іерусалімскія рабіны. Яны асудзілі акты антыхрысціянскага вандалізму ў Святой Зямлі і падкрэслілі, што ініцыятыва салідарнасці “мае на мэце не толькі рэстаўрацыю касцёла, але таксама з’яўляецца пасланнем для свету”, адносна таго, што паленне хрысціянскіх ці мусульманскіх святыняў не звязана з сапраўдным юдаізмам. “Збор ахвяраванняў – гэта магчымасць выказаць нашу канкрэтную падтрымку сяброўства паміж рэлігіямі”, - сказаў Алон Гашэн-Готштайн.

Тыдзень таму ізраільская паліцыя затрымала двух маладых людзей, якія падазраваюцца ў гучным акце вандалізму. Аднаму з іх было прадстаўлена абвінавачанне ў наўмысным падпале з расісцкіх пабуджэнняў, а іншы праходзіць па справе, як саўдзельнік.

Пасля пажару, Патрыярхі і прадстаўнікі хрысціянскіх канфесій Іерусаліма моцна асудзілі злачынства і звярнуліся да ўладаў з просьбай прыкласці намаганіі для справядлівага пакарання адказных. Злачынствы на этнічнай ці рэлігійнай глебе здараюцца ў Святой Зямлі ўсё часцей.








All the contents on this site are copyrighted ©.