Сёння мы пагаворым пра творчасць вялікага беларускага паэта, натхняльніка беларускага Адраджэння, рэвалюцыянера, публіцыста, барацьбіта з несправядлівасцю – Францішка Бенядзікта Багушэвіча. Францішак Багушэвіч нарадзіўся 21 сакавіка 1840 года ў фальварку Свіраны, каля Вільні ў сям'і выхадцаў з дробнай шляхты.
Дзіцячыя гады пісьменніка прайшлі ў асяроддзі блізкім да сялянскага. Пачатковую адукацыю Францішак Багушэвіч атрымаў у Віленскай гімназіі, якую скончыў у 1861 годзе. Падчас навучання асаблівую цікавасць выказваў да славянскіх моў, матэматыкі і заканадаўства. Не застаўся абыякавым будучы паэт да гісторыі і культуры роднага краю. Пасля сканчэння гімназіі Францішак паступіў у Пецярбургскі ўніверсітэт на фізіка-матэматычны факультэт, аднак праз 2 месяцы быў выключаны за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях, вярнуўся на радзіму і працаваў настаўнікам у вёсцы Доцішкі Лідскага павета (цяпер — Воранаўскі раён). Тут будучы паэт уступіў у мясцовае рэвалюцыйнае таварыства «пянтковічаў».
У паўстанні 1863—1864 гадоў Францішак Багушэвіч браў актыўны ўдзел і быў паранены ў баі ў Аўгустоўскіх лясах. Яго бацька, сястра і брат Апалінар дапамагалі рэвалюцыянерам. Пасля разгрому паўстання, ратуючыся ад рэпрэсій, Францішак вымушаны быў хавацца, а потым пераехаў на Украіну. У маі 1865 года ён падаў заяву з просьбай аб навучанні ў Нежынскім юрыдычным ліцэі. Пасля сканчэння ў 1868 годзе вучобы, Багушэвіч працаваў следчым у розных месцах Украіны і нават на поўначы Расіі, у Волагдзе.
У 1883 годзе каранацыя новага імператара Аляксандра III суправаджалася шырокай амністыяй: тысячы паўстанцаў, у тым ліку Багушэвіч, вярнуліся на радзіму. Кавалер ордэна Св. Станіслава 3-й ступені, калежскі саветнік, страціў да гэтага часу здароўе, не нажыў капіталу і пад старасць спрабаваў зарабляць прыватнай адвакацкай практыкай. 25 сакавіка 1884 года Багушэвіч вяртаецца ў горад сваёй маладосці — Вільню. Цяпер ужо не адзін, а з жонкай Габрыэляй з дому Шклёнікаў, з якой узяў шлюб у 1874 годзе, дачкой Канстанцыяй (Тунькай) і сынам Тамашом Вільгельмам.
У Вільні Францішак Багушэвіч працаваў у судовай палаце. Асноўнымі кліентамі яго
былі сяляне і гарадская бедната. Пісаў артыкулы ў польскамоўны часопіс “Край”. Менавіта
ў віленскі перыяд разгарнулася ягоная літаратурная і публіцыстычная дзейнасць.
Дарункам лёсу была для Францішка Багушэвіча спадчына, атрыманая пасля смерці варшаўскага
сваяка Тадэвуша ў 1896. Паэт здолеў разлічыцца з пазыкамі і адбудаваць нанова занядбаную
бацькоўскую сядзібу ў Кушлянах. У 1898 годзе ён кінуў службу ў царскім судзе, дзе
да той пары наспеў востры канфлікт з некаторымі калегамі і начальствам, і прысвяціў
сябе творчай працы.
У беларускай літаратуры Францішак Багушэвіч вядомы ў першую чаргу як паэт. Ён з’яўляецца аўтарам двух паэтычных зборнікаў: “Дудка беларуская” і “Смык беларускі”.
Зборнік “Дудка беларуская” ўбачыў свет у 1891 годзе ў Кракаве, што на той час уваходзіў у склад Аўстра-Венгерскай імперыі, якая вызначалася большай свабодай, чым Расія. Пачынаецца зборнік з “Прадмовы”, словы якой вядомыя кожнаму з нас яшчэ са школьнай парты: “Братцы мілыя, дзеці Зямлі маткі маей! Вам афяруючы працу сваю, мушу з вамі пагаварыцьтрохі аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі, да і не толькі мы, а ўсе людзі цёмныя “мужыцкай” завуць, а завецца яна “беларускай”.
Надзвычай кранальныя словы Багушэвіча аб роднай мове і патрэбе яе захавання: “Шмат
было такіх народаў, што страцілі найперш мову сваю, як той чалавек перад скананнем,
катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай,
каб не ўмёрлі! Пазнаюць людзей ці па гаворцы, ці па адзежы, хто якую носе: ото ж гаворка,
язык, ёсць адзежа душы”.
Каштоўнасць роднай мовы ў тым, што яна з’яўляецца Божым дарам, дадзеным нашаму народу:
“А можа і сапраўды наша мова такая, што ёй нічога добрага ні сказаць, ні напісаць
не можна? Ой, не! Наша мова для нас святая, бо яна нам ад Бога даная…”
У вершах, якія змешчаныя ў зборніку “Дудка беларуская”, Багушэвіч апісвае цяжкую долю беларускага селяніна, сацыяльную несправядлівасць, хцівасць багатых, ілжывасць царскай дзяржаўнай адміністрацыі. Прычына бедаў беларуса – адсутнасць праўды ў дзяржаве. Пра гэта паэт піша ў вершы “Як праўду шукаюць”:
- Як простая праўда згінула ў свеце,
Дык праўды і з свечкай шукаюць.
І золатам маняць, і людзей склікаюць,
І Бога цалуюць, -- а ўсё-такі прэце,
Як камень у воду, так праўда прапала!
У вершы “Праўда” паэт кіруе да Бога сваеасаблівую малітву, каб Ён паслаў на зямлю праўду, якую можа вярнуць людзям толькі Святы Дух:
- Дык пашлі ж Ты, Божа, Праўду сваю тую
З неба на зямельку, слязьмі залітую!
Паслаў Ты Сына, Яго не пазналі,
Мучылі за праўду, сілай паканалі;
Пашлі цяпер Духа, да пашлі без цела,
Каб уся зямелька адну праўду мела.
Гаворку пра творчасць Францішка Багушэвіча мы працягнем праз тыдзень. А сёння я з вамі развітваюся. Шануйце нашую мову – Божы дар, вопратку нашай душы, трымайцеся Праўды!
Айцец Андрэй Крот
All the contents on this site are copyrighted ©. |