2015-08-04 15:20:00

У Ватыкане заявілі пра прыярытэты папскай дыпламатыі


Мэта дыпламатыі Святога Пасаду – садзейнічанне сустрэчы і прымірэнню народаў, сказаў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер. Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі ў інтэрв’ю “La Stampa” падкрэсліў таксама ролю Расіі на міжнароднай арэне, у тым ліку значэнне гэтай краіны для стабілізацыі ў Міжземнамор’і. Іерарх паведаміў, што прадметам размоў Святога Айца з Уладзімірам Пуціным 10 чэрвеня 2015 г. былі ў асноўным пытанні канфлікту ва Украіне і сітуацыі на Блізкім Усходзе. Папа падкрэсліў неабходнасць вялікіх і супольных намаганняў для дасягнення міру ў гэтых рэгіёнах. Арцыбіскуп Галахер падкрэсліў важнасць супрацоўніцтва з Расіяй, а не канфліктаў з ёй. Ён нагадаў, што гэта краіна адыграла важную ролю ў дасягненні нядаўняга пагаднення па Ірану.

Дарэчы, Святы Пасад станоўча ацэньвае вынік перамоў па іранскай ядзернай праблеме, таму што лічыць, што шлях да вырашэння спрэчак і праблем, гэта заўсёды зносіны і перамовы, сказаў адзін з кіраўнікоў дыпламатыі Ватыкана. Ён выказаў задавальненне тым, што было дасягнута рашэнне, якое адпавядае ўсім бакам.

Па словах сакратара па адносінах з дзяржавамі, Еўропу не можна ўспрымаць на ўзроўні нейкай выключна фінансавай або гаспадарчай установы, дзе эканамічны аспект пераважае над іншымі. Першапачатковай ідэяй айцоў-заснавальнікаў Еўрасаюзу быў прынцып салідарнасці. Эканоміка павінна суіснаваць з іншымі каштоўнасцямі, культурнымі, палітычнымі і этычнымі, не менш важнымі для развіцця еўрапейскага грамадства, сказаў ватыканскі дыпламат.

Іерарх звярнуўся да тэмы Іраку і падкрэсліў, што міжнародная супольнасць можа падтрымаць краіну ў першую чаргу ў рамках гуманітарнай дапамогі для мігрантаў і бежанцаў, якія пацярпелі ад канфліктаў, а таксама ў прадухіленні тэрарыстычнай пагрозы.

Апошняе пытанне вялікага інтэрв’ю тычылася ролі Святога Пасаду ў пацяпленні адносін паміж ЗША і Кубай і магчымасці прымянення гэтай мадэлі ў іншых канфліктных сітуацыях у свеце. Арцыбіскуп Галахер сцвердзіў, што Касцёл заўсёды імкнецца да міру і паяднання паміж народамі, што асабліва заўважальна пасля Другой сусветнай вайны. Ён суправаджае працэсы трансфармацыі палітычнай і эканамічнай сістэм, а таксама спрыяе стварэнню атмасферы большага супрацоўніцтва паміж народамі. У той жа час, Апостальская Сталіца імкнецца садзейнічаць развіццю міжнародных адносін, з мэтай у большай ступені ўлічваць асноватворныя патрабаванні справядлівасці і міру. 

“Таксама і сёння, у святле ІІ Ватыканскага Сабору, Каталіцкі Касцёл хоча прапанаваць чалавецтву шчырае супрацоўніцтва па стварэнні ўніверсальнага братэрства, якое цалкам адпавядае пакліканню чалавека. У гэтай сувязі, як нас заахвочваў св. Ян Павел II, у пачатку трэцяга тысячагоддзя Касцёл павінен спрыяць фарміраванню сапраўднай “цывілізацыі любові”. Таму Святы Пасад не пашкадуе намаганняў, каб садзейнічаць прымірэнню і сустрэчы з людзьмі”, - сказаў адзін з кіраўнікоў ватыканскай дыпламатыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.