2015-08-04 11:47:00

Папская дапамога для бедных у летні перыяд


Святы Айцец не перастае падтрымліваць бедных. “Пры гэтым гарачым надвор’і колькасць бедных узрасла”, - сказаў Папскі элемазінарый, арцыбіскуп Конрад Краеўскі. Кіраўнік дыкакстэрыі, якая займаецца дабрачыннасцю ад імя Пантыфіка, асабіста каардынуе ватыканскую дзейнасць на карысць бедных. Яму дапамагаюць валанцёры з ліку сясцёр Місіянерак міласэрнасці Маці Тэрэзы і швейцарскіх гвардзейцаў.

Ужо на працягу некалькіх месяцаў пад каланадай плошчы св. Пятра дзейнічаюць душавыя, у якіх кожны дзень мыюцца каля 140 бяздомных. Імі можна карыстацца практычна на працягу ўсяго дня. Душавыя зачыняюцца толькі у першай палове дня серады, паколькі ў Ватыкане праходзяць агульныя аўдыенцыі з удзелам вялікай колькасці вернікаў, і ў поўднёвыя гадзіны ў нядзелю, калі на ватыканскай плошчы адбываецца малітва “Анёл Панскі”.

У Рыме многія бясплатныя сталоўкі для бедных ў летні перыяд зачыняюцца. Таму кожны дзень Папскі элемазінарый і яго супрацоўнікі дастаўляюць харчаванне для бяздомных на галоўныя рымскія вакзалы “Тэрміні” і “Цібурціна”, а таксама ў іншыя месцы, дзе гэта неабходна. Прадукты купляюцца за ахвяры, зробленыя вернікамі падчас замовы пергаментаў з папскім благаслаўленнем. Хоць Аддзел Апостальскай Дабрачыннасці, які займаецца гэтым, быў зачынены з 14 па 23 жніўня 2015 г. на летні перапынак, папская дапамога для бедных у гэты перыяд не перапынялася, паведаміў арцыбіскуп Краеўскі Ватыканскаму радыё.

Папскі элемазінарый падзяліўся таксама, што ў Ватыкане, побач з яго штаб-кватэрай, быў змешчаны абраз Маці Божай Чэнстахоўскай, якую тут ужо абвясцілі апякункай “ватыканскіх” бедных.








All the contents on this site are copyrighted ©.