2015-08-03 12:30:00

Пантыфік заклікаў не баяцца споведзі


Папа Францішак заклікаў католікаў не баяцца споведзі, хоць кожны, хто падыходзіць да сакрамэнту пакаяння адчувае сорам. Гэта адбылося 2 жніўня 2015 г. падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”. У гэты дзень Касцёл адзначае ўспамін так званага “Прабачэння з Асізі”, які, як адзначыў Пантыфік, з’яўляецца “магутным заклікам” да набліжэння да Бога ў сакрамэнце міласэрнасці і паяднання. 

“Ёсць людзі, якія баяцца падысці да споведзі, забываючыся, што мы знаходзім там не грознага суддзю, а бясконца міласэрнага Айца. Гэта праўда, што, калі мы ідзём да канфесіяналу, адчуваем некаторы сорам. Гэта тычыцца ўсіх, усіх нас, але мы павінны памятаць, што нават гэты сорам з’яўляецца ласкай, якая рыхтуе нас да ўваходу ў абдымкі Айца, Які заўсёды даруе і заўсёды даруе ўсё”, - сказаў Папа.

2 жніўня адзначаецца свята Маці Божай Анёльскай з Парц’юнкулі. Яно атрымала таксама назву “Прабачэнне з Асізі”, паколькі звязана з адпустам, які пры пэўных умовах можна атрымаць у кожным парафіяльным касцёле.








All the contents on this site are copyrighted ©.