2015-08-02 14:58:00

Францішак перад “Анёл Панскі” пра жыццё і вечнасць


Вечнасці, як праўдзіваму сэнсу зямнога існавання чалавека прысвяціў папа Францішак свае разважанні 2 жніўня 2015 г. у Ватыкане падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”. “У сённяшнюю нядзелю мы працягваем чытаць шосты раздзел Евангелля св. Яна, - нагадаў ён. - Пасля памнажэння хлябоў людзі сталі шукаць Езуса, і, нарэшце, знайшлі Яго каля Кафарнаума. Ён разумее прычыны гэтага энтузіязму ў шуканні Яго, і ясна паказвае гэта: “шукаеце Мяне не таму, што бачылі цуды, а таму, што з’елі хлеб і насыціліся” (Ян 6, 26). На самой справе, гэтыя людзі ідуць за ім з-за матэрыяльнага хлеба, які напярэдадні задаволіў іх голад, калі Езус памножыў хлябы. Яны не разумеюць, што гэты хлеб, які ламаўся для многіх, быў выразам любові Езуса. Яны надавалі большую каштоўнасць гэтаму хлебу, чым Таму, Хто яго даваў. Перад тварам гэтай духоўнай слепаты Езус падкрэслівае неабходнасць выйсці за рамкі гэтага дару і адкрыцця Таго, ад каго ён паходзіць. Гэта Бог з’яўляецца і дарам, і Тым, хто яго прапануе. І ў постаці гэтага хлебу і праз гэты жэст людзі могуць знайсці Таго, Хто дае – Бога. Ён заклікае адкрыцца да перспектывы, якая адносіцца не толькі да паўсядзённых клопатаў пра ежу, апрананне, поспех або кар’еру. Езус кажа пра іншую ежу, незнішчальную, якой варта шукаць і якую варта прымаць. Ён заклікае: “Клапаціцеся не пра ежу, якая гіне, але пра ежу, што застаецца на жыццё вечнае, якую дасць вам Сын Чалавечы” (Ян 6, 27). Гэта значыць – шукайце збаўлення, сустрэчы з Богам.

Гэтымі словамі Ён хоча даць нам зразумець, што ў дадатак да фізічнага голаду чалавек нясе ў сабе іншы – і ўсе мы адчуваем гэты голад – больш важны, які не можа быць задаволены звычайнай ежай. Гаворка ідзе пра голад жыцця, голад вечнасці, які толькі Ён можа задаволіць, таму што Ён ёсць “хлеб жыцця” (Ян 6, 35). 

Езус не выдаляе занепакоенасці і пошуку хлеба надзённага, не, не здымае клопату пра ўсё, што можа зрабіць жыццё багацейшым. Але Езус нагадвае нам, што праўдзівы сэнс нашага зямнога існавання ў прызначэнні да вечнасці, у сустрэчы з Ім, Які з’яўляецца і дарам, і Тым, хто яго дае. Ён нагадвае нам, што чалавечую гісторыю з яе пакутамі і радасцямі трэба ўспрымаць у перспектыве вечнасці, што значыць у перспектыве канчатковай сустрэчы з Ім. І гэтая сустрэча асвятляе ўсе дні нашага жыцця. Калі мы думаем пра сустрэчу, пра гэты вялікі дар, пра невялікія дары жыцця, у тым ліку пра пакуты, гэтыя клопаты будуць асветлены надзеяй спаткання з Ім. 

“Я ёсць хлеб жыцця; хто да Мяне прыходзіць, не будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ніколі не будзе прагнуць” (Ян 6, 35). І гэта спасылка на Эўхарыстыю, найвялікшы дар, які насычае душу і цела. Сустрэча і прыняцце ў нас Езуса – “хлеба жыцця” – дае сэнс і надзею на часта звілістых дарогах жыцця. Але гэты “хлеб жыцця” даецца нам для акрэсленай мэты, каб мы, у сваю чаргу, задаволілі духоўны і матэрыяльны голад братоў, абвяшчаючы Евангелле ва ўсім свеце. Сведчаннем нашай братэрскай і салідарнай падтрымкі іншым мы адлюстроўваем Хрыста і Яго любоў сярод людзей.

Няхай Найсвяцейшая Панна падтрымае нас у пошуку і наследаванні Яе Сына Езуса, “сапраўднага хлеба”, незнішчальнага і трываючага праз вечнае жыццё”, - сказаў Папа.

Пасля малітвы “Анёл Панскі” Святы Айцец прывітаў пілігрымаў з усяго свету, прысутных на галоўнай ватыканскай плошчы і пажадаў усім добрай нядзелі.








All the contents on this site are copyrighted ©.