2015-07-31 12:20:00

Пантыфік папрасіў не змяшчаць сваю выяву на медалі


Папа Францішак пажадаў, каб на аверсе памятнага медаля трэццяга году яго пантыфікату быў змешчаны не яго партрэт, што з’яўляецца традыцыяй, але выява вялікай іспанскай законніцы, рэфарматаркі кармелітанскага ордэну і Доктара Касцёла, св. Тэрэзы Авільскай. Сёлета адзначаецца 500-годдзе з дня яе нараджэння. 

Такім чынам, памятны медаль трэцяга году пантыфіката Францішка прадстаўляе знакамітую скульптурную кампазіцыю “Экстаз св. Тэрэзы”, створаную ў XVII cт. Джавані Ларэнца Берніні ў рымскім касцёле Санта-Марыя-дэла-Віторыя. Скульптура  размешчана ў алтарнай нішы сярод калон з каляровага мармуру, на фоне пазалочаных бронзавых прамянёў, якія сімвалізуюць Боскае святло. Св. Тэрэза ляжыць на аблоках, пагружаная ў стан духоўнага азарэння, а анёл, які стаіць побач, накіроўвае ў яе сэрца залатую стралу. Над выявай на медалі размешчаны надпіс на лацінскай мове “Amorem Christi in animo teneamus” (Будзем памятаць аб любові Хрыста), а ў ніжняй частцы – юбілейная дата: 1515-2015.

Ініцыятыва сведчыць аб вялікай пашане папы Францішка да св. Тэрэзы Авільскай. Генеральны настаяцель кармелітанскага ордэна, айцец Саверыа Каністра, скіраваў на імя Пантыфіка падзяку за такі цудоўны жэст пашаны да вялікай святой і усёй кармелітанскай супольнасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.