2015-07-31 16:59:00

Лаўрэнцій Зізаній


У сённяшняй праграме мы пагаворым пра творчасць чарговага праваслаўнага пісьменніка 17 стагоддзя – Лаўрэнція Зізанія. Лаўрэнцій Іванавіч Тустаноўскі (сапраўднае імя асветніка) паводле адных даследчыкаў паходзіў з дробнай шляхты Трокскага ваяводства, паводле іншых — з мястэчка Тустынь на Валыні. Адукацыю ён атрымаў у Астрожскай школе на Валыні. Да 1592 года выкладаў у Львоўскай брацкай школе, у 1592—1595 гадах працаваў выкладчыкам у Берасцейскай брацкай школе, а ў 1595 годзе быў вымушаны перабрацца ў Вільню, дзе працягнуў сваю педагагічную дзейнасць. Падчас працы ў Берасці Лаўрэнцій Зізаній падрыхтаваў вучэбныя кнігі «Азбука з Лексісам» і «Грамматіка словенска совершенного искусства осми частиі слова…» (Вільня, 1596), якія прынеслі яму славу і аўтарытэт вучонага-лінгвіста.

Яго «Азбуку» можна ўмоўна падзяліць на 3 часткі: матэрыял, які вучыць чытаць і пісаць; дапаможны лексічны матэрыял; царкоўныя палемічныя тэксты і малітвы. Таму кніга магла выкарыстоўвацца і ў царкоўным, і ў свецкім навучанні. Складальнікам першых дзвюх частак быў Лаўрэнцій 3ізаній, апошняй — яго брат Стэфан Зізаній. Цікава, што пры выданні «Азбукі» выкарыстоўваліся клішэ з выданняў Францішка Скарыны. У «Лексіс» — слоўнік, які складаецца з 1061 слова, — увайшлі не толькі царкоўна-славянскія словы, але і словы з народнай гутарковай мовы. У ім прыведзены самыя разнастайныя звесткі па ваеннай гісторыі, прававым становішчы ў дзяржаве розных сацыяльных груп насельніцтва, па філасофіі, геаграфіі, этнаграфіі, біялогіі, медыцыне. Слоўнік 3ізанія — адна з крыніц уяўлення пра ўзровень тагачасных ведаў пра рамёствы, прафесіі, гандаль ў сярэднявечных гарадах. Тлумачэнні, якія 3ізаній робіць у сваім слоўніку, далёкія ад навуковага аналізу з'яў, але ён імкнецца даступна растлумачыць многія словы і паняцці. Слоўнік 3ізанія — значная культурна-асветніцкая з'ява ў беларускай літаратуры.

12 лютага 1596 года ў друкарні Віленскага Святадухавага брацтва была выдадзена «Грамматіка словенска…». Яна складаецца з уводзін, арфаграфіі, этымалогіі, прасодыі. Сінтаксіс даецца невялікімі часткамі ва ўсіх раздзелах. У кнізе на кожнае правіла прыведзена шмат прыкладаў і практыкаванняў для замацавання навучальнага матэрыялу. На першых старонках вучням тлумачыцца неабходнасць свецкіх ведаў. «Граматыку словенску совершенного искуства осми частій слова…» 3ізаній лічыў тым падмуркам, на якім можа трымацца далейшае вывучэнне розных навук. Імкнучыся па-філасофску асэнсаваць ролю граматыкі як навукі ў сярэднявечнай сістэме ведаў, 3ізаній раскрываў арганічную сувязь граматыкі з рыторыкай, філасофіяй і багаслоўем, выказваў цікавасць да філасофскіх праблем, якія бралі свой пачатак ад антычных вучоных, звяртаўся да спадчыны Арыстоцеля, Эпікура, Катона Старэйшага і іншых філосафаў. Вывучэнне антычнасці ўзбагачала светапогляд вучонага-педагога, давала магчымасць па-новаму падысці да вырашэння тагачасных праблем.


У 1619 годзе па запрашэнні архімандрыта Кіева-Пячэрскага манастыра Лаўрэнцій Зізаній пераехаў у Кіеў. Там ён выправіў паводле грэцкага тэксту і ў 1623 годзе выдаў “Размовы” святога Яна Залатавуснага на Пасланні Св. апостала Паўла, а ў 1625 годзе -- “Тлумачэнні на Апакаліпсіс Св. Андрэя Кесарыйскага”. У прадмове да апошняй сучаснікі і калегі далі высокую ацэнку дзейнасці і ведам 3ізанія, адзначалі яго аўтарытэт мовазнаўцы і прапаведніка.

У 1620—1623 гадах 3ізаній працаваў над галоўным творам свайго жыцця -«Катэхізісам Вялікім», у якім выкладзеныя не толькі догматы праваслаўя ў пытаннях і адказах, але і веды па гісторыі, прыродазнаўстве, астраноміі і іншых навуках. Рукапіс кнігі быў зроблены на беларускай мове. Аднак у Кіеве Зізаній не змог выдаць гэту кнігу, бо на той час у Вялікім Княстве Літоўскім пачалася жорсткая барацьба паміж праваслаўем і каталіцызмам. Асветнік вырашыў паспрабаваць надрукаваць кнігу ў Маскве. Цар і патрыярх прынялі Зізанія прыхільна, нават узялі яго на ўтрыманне і аплацілі выданне кнігі. Друкаванне “Катэхізіса” было скончана ў 1627 годзе. Але кніга не была прызнаная афіцыйнай Царквой Маскоўскай дзяржавы, верагодна таму патрыярх Філарэт загадаў спаліць усе надрукаваныя кнігі. Цудам захавалася толькі 5 дэфектных экзэмпляраў, а новыя выданні, здзейсненыя напыканцы 18 стагоддзя, зазналі значную рэдакцыйную праўку і не перадаюць дакладна погляды 3ізанія.

У “Вялікім катэхізісе” Лаўрэнція Зізанія бачнае разыходжанне ў багаслоўскай традыцыі праваслаўных Вялікага Княства Літоўскага і Маскоўскай дзяржавы. “Вялікі катэхізіс” утрымлівае запазычанні з пратэстанцкай і каталіцкай тэалогіі. Найбольш запазычанняў з каталіцкай тэалогіі можна знайсці ў раздзеле, прысвечаным Святым Тайнам. Так, Лаўрэнцій Зізаній прытрымліваецца каталіцкага навучання адносна моманту перамянення хлеба і віна ў Цела і Кроў Хрыста, адносна моманту ўсталявання тайны святарства, піша пра незгладжальны характар святарства і г. д.
Маскоўскае духавенства падазрона паставілася да “Вялікага катэхізісу”. Для вывучэння светапогляду 3ізанія адбылося публічнае абмеркаванне «Катэхізісу» ў Маскве 18—19 лютага 1627 года. У абмеркаванні ад імя і па даручэнні патрыярха Філарэта ўдзельнічалі ігумен маскоўскага Богаяўленскага манастыра Ілья, кніжны спраўшчык Анісімаў, князь Чарскі і думны дзяк Ліхачоў. Маскоўскае духавенства, як гэта відаць з пратакола пасяджэння, добра падрыхтавалася да дыспуту, таму вытрымаць дыскусію было цяжка. 3ізаній не быў гарантаваны і ад таго, што з ім не расправяцца, як з ерэтыком. Зразумеўшы сваё небяспечнае становішча, ён стаў паводзіць сябе стрымана, спрабаваў апраўдвацца ў памылках і заявіў, што прыехаў у Маскву вучыцца, дзякаваў за выпраўленне яго кнігі.

У лютым 1627 года Лаўрэнцій Зізаній вярнуўся ў Кіеў, і ў жніўні гэтага года ўдзельнічаў у царкоўным саборы, на якім абмяркоўваліся творы Мялеція Сматрыцкага ў падтрымку Берасцейскай Царкоўнай Уніі. Апошнія ўзгадкі пра Лаўрэнція Зізанія адносяцца да 1634 года. Напрыканцы свайго жыцця асветнік займаўся выпраўленнем царкоўна-славянскага перакладу Бібліі паводле грэцкага тэкста.
На гэтым нашая перадача завершаная.

Айцец Андрэй Крот

 








All the contents on this site are copyrighted ©.