2015-07-31 12:43:00

Апостальская Сталіца салідарная з астраўнымі дзяржавамі


 

Прадстаўнік Святога Пасаду ў ААН прыняў удзел 30 ліпеня 2015 г. у Нью-Ёрку у дыскусіі Савета бяспекі пра выклікі, якія стаяць перад малымі астраўнымі дзяржавамі. Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса назваў першай пагрозай для іх – кліматычныя змены: павышэнне ўзроўню мора, трапічныя і пазатрапічныя цыклоны, павышэнне тэмпературы паветра і паверхні мора, змены ў выпадзенні ападкаў. Гэтыя дзяржавы не могуць вырашыць праблем самастойна па прычыне недастатковага эканамічнага развіцця. Таму больш багатыя краіны павінны паспрыяць новаму падыходу астраўных дзяржаў да выкарыстання энергіі праз зніжэнне залежнасці ад выкапнёвага паліва. Такую дапамогу ватыканскі дыпламат назваў “маральным абавязацельствам” міжнароднай супольнасці. 

Занепакоеннасць зменамі клімату неаддзельная ад турботы пра развіццё чалавека, падкрэсліў арцыбіскуп Ауса. Клопат аб навакольным асяроддзі і скарачэнне маштабаў галечы з’яўляюцца не асобнымі праблемамі, але часткай адной і той жа праблемы забеспячэння чалавечага развіцця. І тут патрэбна “інтэгральная экалогія”, якая адносіцца адначасова да навакольнага асяроддзя і да сацыяльнага жыцця. Тут багатыя краіны маюць “экалагічны доўг” перад беднымі.

Прадстаўнік Святога Пасаду згадаў тры вобласці, дзе сітуацыю трэба і можна змяніць у бліжэйшыя некалькі месяцаў. Па-першае, хуткая Парыжская сустрэча павінна скончыцца канкрэтным пагадненнам па барацьбе са зменамі клімату. Па-другое, патрэбна выдзяленне дастатковых фінансавых рэсурсаў для барацьбы з кліматычнымі зменамі і хуткая рэакцыя на бягучыя патрэбы. Па-трэцяе, неабходна пашырэнне доступу да аднаўляльных крыніц энергіі як фактару, які спрыяе ўстойліваму развіццю, абмяжоўвае беднасць і шкоды для здароўя людзей. Больш багатыя краіны павінны дапамагчы бедным развіваць менш забруджвальныя віды вытворчасці энергіі, даючы ім большы доступ да тэхналогій і фінансавых рэсурсаў, агучыў меркаванне Святога Пасаду арцыбіскуп Ауса.

Дыпламат папярэдзіў, што змены клімату і нізкі ўзровень сацыяльна-эканамічнага развіцця могуць сур’ёзна паўплываць на свет і бяспеку цэлых народаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.