2015-07-29 10:48:00

Ян Павел II і яўрэйскі народ – выстава ў Ватыкане


“Узаемнае благаслаўленне – папа Ян Павел II і яўрэйскі народ”, - гэта назва мультымедыйнай выставы, якая 29 ліпеня 2015 г. адкрылася ў Ватыкане. Яна размешчана ў залах левага крыла каланады плошчы св. Пятра, якое носіць назву Карла Вялікага (Braccio Carlo Magno), і з’яўляецца дакументальным сведчаннем адкрытасці Пантыфіка польскага паходжання на дыялог Каталіцкага Касцёла з юдаізмам. У цырымоніі адкрыцця прыняў удзел, у прыватнасці, галоўны рабін Рыма Рыкарда Дзі Сэньі.

Раней выстава была прадстаўлена ў Нью-Ёрку, Лос-Анджэлесе, Чыкага і Філадэльфіі. Амерыканскія арганізатары хочуць, каб наступным горадам, які яе прыме, стаў Кракаў.

Выстава дэманструе міжрэлігійны дыялог у якасці крыніцы прагрэсу чалавецтва. Гэта зроблена з выкарыстаннем відэа, фатаграфій, артэфактаў і аўдыё-матэрыялаў. Наведвальнік “пераносіцца”, сярод іншых, да Заходняй сцяны ў Іерусаліме, і ў сінагогу Рыма, якую наведаў Ян Павел II у 1986 г. Экспазіцыя ўзгадвае таксама 50-годдзе ІІ Ватыканскага Сабору і Дэкларацыі пра адносіны Касцёла да нехрысціянскіх рэлігій “Nostra Aetate”. 

Пілігрымы і турысты змогуць наведаць выставу да 17 верасня 2015 г. з панядзелка па суботу з 9.00 да 18.00 (па серадах з 13.00 да 18.00). Уваход на яе вольны.








All the contents on this site are copyrighted ©.