2015-07-29 14:40:00

Святы Пасад вызначыў напрамкі супрацоўніцтва з юдэямі


У адносінах паміж хрысціянамі і юдэямі павінна быць больш канкрэтных спраў, чым слоў, лічыць кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству і Камісіі па рэлігійным дыялогу з юдаізмам. “Не можна спыняцца на словах, сустрэчах, канферэнцыях, бо супольная духоўная спадчына юдэяў і католікаў настолькі вялікая, што не можа быць выказана выключна добра сфармулаванымі словамі. Яна павінна вылівацца ў практычныя дзеянні”, - прыводзіць словы іерарха ватыканскае выданне “L’Osservatore Romano”.

Кардынал Кох прыняў удзел у канферэнцыі, арганізаванай у Рыме Міжнародным саветам хрысціян і юдэяў (International Council of Christians and Jews) з нагоды 50-годдзя дэкларацыі пра адносіны Касцёла да нехрысціянскіх рэлігій “Nostra aetate”. 

Звяртаючыся да яе ўдзельнікаў, старшыня Папскай рады прывёў канкрэтны прыклад хрысціянска-юдэйскага супрацоўніцтва. Ён распавёў, як пасля аднаго з супольных форумаў, што праходзіў у 2004 г. у Буэнас-Айрэсе, вызнаўцы хрысціянства і юдаізму сабралі вялікую суму грошай на дапамогу бедным і патрабуючым, нягледзячы на глыбокі эканамічны крызіс, у якім прабывала Аргентына. Ватыканскі іерарх падкрэсліў, што клопат пра патрабуючых, да якога заклікае як Новы так і Стары Запавет, павінен прысутнічаць у супрацоўніцтве паміж прадстаўнікамі рэлігій.

“У 50-годдзе абвяшчэння “Nostra aetate”, здаецца, трэба прызнаць, што з таго часу ў адносінах паміж юдэямі і католікамі адбыўся маленькі цуд, бо абыякавасць і супрацьстаянне перамяніліся ў супрацоўніцтва і добразычлівасць. З ворагаў і чужынцаў мы ператварыліся ў сяброў і братоў, як падкрэсліваў папа Францішак”, - заўважыў кардынал Курт Кох.








All the contents on this site are copyrighted ©.