2015-07-29 14:30:00

Аўстрыйскі арыстакрат стане паслом пры Святым Пасадзе


Былы прэс-сакратар аўстрыйскай дыяцэзіі Санкт-Пёльтэн, Эдуард Габсбург-Лотрынген, быў акрэдытаваны ў якасці пасла Венгрыі пры Апостальскай Сталіцы. На гэту пасаду прапанаваў яго венгерскі ўрад. Станоўча прайшло таксама абавязковае слуханне ў венгерскім парламенце. Неўзабаве нашчадак гістарычнай сем’і атрымае пасольскае прызначэнне ад венгерскага Міністэрства замежных спраў і яго кандыдатура будзе афіцыйна прадстаўлена ў Ватыкане.

Габсбург быў у перыяд з 2009 па 2014 гг. прэс-сакратаром дыяцэзіі Санкт-Пёльтэн у Ніжняй Аўстрыі і яе біскупа Клаўса Кюнга, які ў аўстрыйскім епіскапаце ўзначальвае секцыю па сужэнстве і сям’і, займаецца пытаннямі біяэтыкі і фінансаў. Іерарх таксама з’яўляецца старшынёй фонду епіскапату па дапамозе ахвярам сексуальных злоўжыванняў супрацоўнікаў Касцёла ў дачыненні да непаўналетніх.

Народжаны ў 1967 г. у Мюнхене, Эдуард Габсбург-Лотрынген з’яўляецца прамым нашчадкам імператара Франца Іосіфа і імператрыцы Лізаветы, асобай шырока вядомай у Аўстрыі. Яго высока цэняць як перакладчыка кніг, аўтара сцэнарыяў для кіно і тэлебачання. Сваю першую кнігу “Падарожжа з Нэлі” ён апублікаваў у 2008 г. Некалькі гадоў таму з вялікай цікавасцю была сустрэта яго новая кніга, якая апісвае не вельмі ціхае жыццё і паўсядзённыя праблемы арыстакратаў, якія жывуць у старых замках і палацах. Кніга “Там, дзе спяць графы” стала натхненнем для тэлесерыяла з аднайменнай назвай. Ён разам з іншым журналістам з Аўстрыі, на працягу некалькіх месяцаў, вядзе ў інтэрнэце падкаст “Пытанні веры. Дыялог атэізму і каталіцызму”.

Кандыдат на пасаду пасла Венгрыі паходзіць з венгерскай лініі Габсбургаў. Ён мае і венгерскае грамадзянства, таму што яго бацька, Міхаэль Габсбург, нарадзіўся і вырас у Венгрыі. Эдуард Габсбург-Лотрынген жанаты і мае шасцёра дзяцей.








All the contents on this site are copyrighted ©.