2015-07-27 12:38:00

Да Сусветных дзён моладзі ў Кракаве застаўся год


Cусветныя дні моладзі ў Кракаве стануць сапраўдным Юбілеем моладзі, адзначыў кардынал Станіслаў Рылка, старшыня Папскай рады па справах свецкіх у спецыяльным пасланні, якое скіраваў 26 ліпеня 2015 года – роўна за год да пачатку найбуйнейшага каталіцкага моладзевага форума. Падзея пройде на тэрыторыі Польшчы ўжо ў другі раз. У 1991 г. Сусветныя дні моладзі прымала Чэнстахова. 

У Кракаве юнакі і дзяўчаты будуць пакліканы паразважаць над тэмай міласэрнасці, як ідэале жыцця і крытэрыі ўсяго паслання, поўнага надзеі і любові міласэрнага Бога да кожнага чалавека на зямлі. Духоўным цэнтрам гэтага Юбілею моладзі, – заўважыў кардынал Рылка – стане санктуарый Божай Міласэрнасці і св. Фаўстыны Кавальскай, апостала Божай Міласэрнасці, адкрыты св. Янам Паўлам ІІ у 2002 г.

У гэтым месцы будзе ўзведзены вялікі “Цэнтр Міласэрнасці” са шматлікімі канфесіяналамі, дзе моладзь зможа прыступаць да сакрамэнту споведзі на розных мовах. На месцы цэлебрацыі кульмінацыйнай Эўхарыстыі форума будзе ўстаўлена сімвалічная “Святая брама”, у якасці бачнага сімвалу юбілейнага характару падзеі. 30 ліпеня 2016 года, на пачатку малітоўнага чування, якое закончыцца эўхарыстычнай адарацыяй, папа Францішак пройдзе праз яе ў суправаджэнні некаторых юнакоў і дзяўчат. 31 ліпеня, пасля св. Імшы, Папа ўручыць прадстаўнікам пяці кантынентаў запаленыя лампады – сімвал полымя міласэрнасці, прынесенага Хрыстом і заклікае ўдзельнікаў Сусветных дзён моладзі быць сведкамі і місіянерамі Божай Міласэрнасці ва ўсім свеце.

Сусветныя дні моладзі ў Кракаве пройдуць 26-31 ліпеня 2016 г. Яны адбудуцца ў кантэксце святкавання ва ўсім Каталіцкім Касцёле Пазачарговага Юбілейнага году, прысвечанага Божай Міласэрнасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.