2015-07-25 10:04:00

Спецыялісты падтрымалі ініцыятыву біскупа Дзям’янкі


Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка традыцыйна заклікаў на працягу ўсяго жніўня ўстрымацца ад ужывання алкагольных напояў. Ліст іерарха ў гэтую нядзелю зачытаюць ва ўсіх парафіях дыяцэзіі. “Неабходнасць такой ініцыятывы тлумачыцца большай жыццёвай актыўнасцю ў гэтым месяцы. Устрыманне ад алкаголю, якое практыкуецца дабравольна і прымаецца з рэлігійнай матывацыяй, узмацняе нашу веру. Я звяртаюся з заклікам не ўжываць алкаголь таксама ў сувязі з падрыхтоўкай да святкавання 90-годдзя існавання нашай Пінскай дыяцэзіі. Гадавіну гэтай важнай падзеі мы ўрачыста адзначым у кастрычніку бягучага года. Прыняцце абавязку ўстрымання ад алкаголю стане заўважальным штрыхом у гісторыі дыяцэзіі, які будзе сведчыць аб вышыні духоўнага жыцця яе вернікаў”, - напісаў у сваім звароце Біскуп Пінскі і дадаў, што цвярозы лад жыцця – гэта клопат аб сям’і.

Загадчык аддзяленнем Гомельскага абласнога наркалагічнага дыспансеру Ігар Луханін адзначыў у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, што падобная ініцыятыва ўтрымлівае не толькі гуманны пачатак, які рухае людзей да аздараўлення, але і заклік, які падштурхоўвае падумаць аб такіх сур’ёзных рэчах, як роля алкаголю ў нашым жыцці.

“Мы павінны рэальна разумець, што даволі вялікая частка нашага грамадства мае сур’ёзныя праблемы з алкаголем. Больш таго, агульнавядома, што алкаголь, эцілавы спірт – гэта клетачны яд. Абстаноўка з ужываннем алкаголю на Гомельшчыне карэлюе рэспубліканскія паказчыкі. Афіцыйная статыстыка гаворыць аб тым, што ўзровень ужывання алкаголю на працягу апошніх трох-пяці гадоў вагаецца ў межах 12,5-13,5 літраў абсалютнага алкаголю на душу насельніцтва ў год. Гэта паказчык даволі ўмоўны, ён разлічваецца проста – увесь выраблены алкаголь дзеліцца на ўсё насельніцтва, уключаючы немаўлятаў і глыбокіх старых. Рэальна злоўжываюць алкаголем меншая частка грамадства, але выпівае яна дастаткова вялікую колькасць спіртнога. Вяртаючыся да ініцыятывы біскупа, адзначу, што любое ўстрыманне ад ужыванне яда – а алкаголь у якой бы прыгожай упакоўцы ён ні быў, застаецца ядам – прынясе толькі карысць. А неўжыванне спіртнога на працягу месяца дасць магчымасць кожнаму ацаніць: ці вабіць мяне алкаголь, што ён значыць у маім жыцці? Звычка? Ці мяне цягне піць усё больш, а задавальнення я пры гэтым атрымліваю ўсе менш? Тут вельмі тонкая мяжа. Ініцыятыва цудоўная, лічу як прафесіянал, і думаю, што мае калегі таксама падтрымаюць мяне ў гэтым”, - падкрэсліў спецыяліст-нарколаг.

У сваім звароце біскуп Антоні таксама ўздымае такое сур’ёзнае пытанне, як алкагольная залежнасць: “Гэта той выпадак, калі самой устрыманасці ўжо не дастаткова. Калі чалавек трапіў у залежнасць, яго нельга вылечыць, выкарыстоўваючы піццё ў дазволеных памерах. У такіх выпадках неабходна поўная ўстрыманасць, гэта значыць свядомае ўстрыманне ад ужывання тых ці іншых напояў, якія прыводзяць да залежнасці. Абстыненцыя – гэта радыкальная дарога, якой спадарожнічае Дух Святы”, - напісаў іерарх.

Ужо шмат гадоў у Гомелі існуе група Ананімных Алкаголікаў, якая дапамагае людзям, залежным ад алкаголю, быць цвярозымі і вяртацца да нармальнага жыцця. Пачыналася дзейнасць групы пры каталіцкім Доме міласэрнасці сясцёр Маці Тэрэзы. Для хворых алкагалізмам поўная абстыненцыя – гэта адзінае выйсце. І чальцы групы Ананімных Алкаголікаў паспяхова практыкуюць яе на працягу многіх гадоў. 

Напрыклад, як раз у жніўні споўніцца пяць гадоў з таго моманту, як ад ужывання спіртнога адмовіўся ананімны алкаголік Андрэй: “Я вельмі рады гэтаму, бо для мяне жыццё адкрываецца з новага боку, цяпер я стаў заўважаць навокал столькі цікавага, аб чым раней нават не падазраваў. Бо калі ўжываеш алкаголь, усе твае захапленні і радасці абмяжоўваюцца кампаніяй, з якой п’еш разам. І ўсе цікавасці абмяжоўваюцца п’янымі размовамі”, - падзяліўся ён.

Андрэй адзначыў, што для таго, каб адмовіцца ад ужывання алкаголю, патрэбна ў першую чаргу ўсвядомленае жаданне. Калі яно ёсць, дасягнуць поўнай абстыненцыі і прытрымлівацца яе на працягу месяца і нават многіх гадоў будзе зусім не цяжка.

Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія.








All the contents on this site are copyrighted ©.