2015-07-23 15:43:00

Рым на парозе Года Міласэрнасці


Рым чакае “невялікі” Святы год, які будзе доўжыцца 140 дзён, з 8 снежня па 20 лістапада 2016 г. Горад прыме рэкордную колькасць вернікаў з усяго свету. Паводле апошніх дадзеных навукова-даследчага інстытута “Censis” у Год Міласэрнасці сюды могуць прыбыць 33 мільёны гасцей. Гэта на 8 млн. больш, чым у юбілейны 2000-ы год. У той час горад Рым і Ватыкан мелі, па меншай меры, шэсць гадоў, каб падрыхтавацца да падзеі. На гэты раз ёсць усяго восем месяцаў. 

Непасрэдна перад пачаткам летняга перапынку Папская рада па новай евангелізацыі прадставіла некаторыя дэталі запланаваных маштабных сустрэч. На працягу пазачарговага Святога Года кожны месяц у Рыме будзе праходзіць 2-3 афіцыйныя буйныя падзеі і літургічныя цэлебрацыі. У прыватнасці, вялікая колькасць вернікаў чакаецца ў Вечным горадзе 23-25 красавіка 2016 г. на юбілеі дзяцей і юнакоў (ва ўзросце ад 12 да 15 гадоў). Хворыя і няпоўнаспраўныя збяруцца тут 10-13 чэрвеня, а ў пачатку верасня, 2-4-га, пройдзе юбілей валанцёраў сацыяльнай сферы. У праграму былі ўключаны Сусветныя дні моладзі, якія адбудуцца ў канцы ліпеня 2016 г. у польскім Кракаве. Юбілейныя ўрачыстасці святароў пройдуць 1-3 чэрвеня, дыяканаў – 27-29 мая, катэхетаў – 23-25 верасня. 

Год будзе ўключаць рэгулярныя малітоўныя сустрэчы ў рымскіх юбілейных касцёлах, працэсію праз Святыя дзверы базылікі св. Пятра і вялікую сустрэчу з Папам. Запланаваны пілігрымкі за межамі Вечнага горада. Для дзяцей і юнакоў адбудзецца вялікі фэст на Алімпійскім стадыёне. Прадугледжаны спатканні са спецыяльнымі групамі, напрыклад, 22 лютага Пантыфік сустрэнецца з супрацоўнікамі Рымскай курыі.

Пакуль няма дакладнай інфармацыі пра “канкрэтныя жэсты дабрачыннасці” у ходзе Святога Года з боку Францішка, але гаворка можа ісці пра наведанне сацыяльных устаноў для бежанцаў. Да такіх ініцыятыў арганізатары Году Міласэрнасці запрасілі таксама і біскупаў ва ўсіх дыяцэзіях свету.

Яшчэ не вядома, як будзе арганізаваны праход пілігрымаў праз Святые дзверы ватыканскай базылікі. Магчыма, гэта будзе арганізавана па прыкладу катэдры ў Турыне, дзе нядаўна прайшло выстаўленне Турынскай плашчаніцы. Пілігрымаў запрасілі загадзя “браніраваць” час уваходу ў храм.

Францішак падчас Юбілейнага году будзе пастаянна заставацца ў Рыме, вітаючы кожную сераду і нядзелю вернікаў з усяго свету падчас агульных аўдыенцый і спатканняў на малітве “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра. Паездкі за мяжу – акрамя Сусветных дзён моладзі ў Кракаве і магчымых візітаў у Італіі – пакуль не прадугледжаны.

Правядзеннем Юбілею заклапочаны гарадскія ўлады Рыму. Гаворка ідзе аб хуткай падрыхтоўцы і рамонце вуліц горада, стварэнні новых пешаходных зон, арганізацыі прыезду і прыёму пілігрымаў. Мэрэя ўжо заявіла аб шэрагу “паляпшэнняў” у гарадской інфраструктуры.








All the contents on this site are copyrighted ©.