2015-07-23 16:01:00

Епіскапат ЗША дапаможа Касцёлу ва Усходняй Еўропе


Канферэнцыя Біскупаў ЗША зацвердзіла вылучэнне 5,2 млн. долараў на дапамогу Касцёлу ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Сродкі будуць накіраваны на фінансаванне 177 праектаў душпастырскага, адукацыйнага і будаўнічага характару.

Фінансы дапамогуць у будаўніцтве рэлігійнай і грамадскай інфраструктуры, правядзенні праграм для дзяцей і моладзі, падтрымцы бедных у 23 краінах рэгіёну. Частка сродкаў будзе накіравана на падтрымку ўжо існуючых праектаў, напрыклад, на працу сталовай для сем’яў, дзяцей і інвалідаў у Тбілісі і падтрымку праекту сясцёр-францішканак у Астане, якія займаюцца раздачай ежы, вопраткі і лекаў патрабуючым.

Амерыканскі епіскапат падтрымае таксама студэнтаў. Ён вылучыў 68 стыпендый на агульную суму ў 520 тыс. долараў для маладых навукоўцаў з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Гэтыя грошы, галоўным чынам, дапамогуць закончыць напісанне доктарскіх дысертацый духоўным і свецкім асобам. Пасля абароны навуковых прац, яны змогуць вярнуцца ў свае супольнасці, каб дапамагаць у іх дзейнасці.

“Пасля савецкага перыяду у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе адбываецца павольны і складаны працэс аднаўлення. Католікі ў гэтай частцы маюць вялікую патрэбу ў нашай дапамозе”, - адзначыў арцыбіскуп Чыкагскі Блэйс Супіч, старшыня падкамітэта Канферэнцыі Біскупаў ЗША па дапамозе Касцёлу ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. 








All the contents on this site are copyrighted ©.