2015-07-20 12:49:00

Дабрачынцы дапамаглі Касцёлу на 105 мільёнаў еўра


Больш за 105 млн. еўра было сабрана Папскім фондам “Дапамога Касцёлу ў патрэбе” у 2014 г. Гэта вынікае з яго дакладу. Такі высокі вынік быў дасягнуты ўпершыню за ўсю гісторыю дабрачыннай структуры. Мінулагодняя сума перавышае колькасць ахвяраванняў, сабраных у 2013 г. на 17 млн. еўра.

Дзякуючы дапамозе больш чым 600 ахвярадаўцаў было прафінансавана 5 614 праектаў у 145 краінах – гэта амаль на 200 праектаў больш, чым у 2013 г., гаворыцца ў справаздачы. Фонд вылучыў сродкі на навучанне 9 669 семінарыстаў – амаль кожнага дванаццатага ў свеце – і матэрыяльную падтрымку для 9 790 законнікаў і законніц. Вялікая сума была пераказана святарам з краін, дзе Касцёл мае матэрыяльныя цяжкасці або падвяргаецца пераследу, у якасці інтэнцый для св. Імшы. У агульнай складанасці ў 2014 г. цэлебравалася 1,2 млн. св. Імшаў у інтэнцыях ахвярадаўцаў фонду – адна Эўхарыстыя кожныя 26 секунд. 

Ахвяраванні былі падзелены наступным чынам: 43% – на будаўніцтва касцёлаў, капліц, семінацый, душпастырскіх цэнтраў і іншых рэлігійных будынкаў, 15% – на дапамогу святарам у якасці імшальных інтэнцый, 11% – на тэалагічную фармацыю, 9% – на катэхізацыю, 8% – на транспартныя сродкі, 7%  – на тэрміновыя патрэбы: дапамогу бежанцам, ахвярам узброеных канфліктаў і прыродных катаклізмаў, 4% – на біблійнае і медыйнае апостальства: працу каталіцкіх СМІ і выдавецкую дзейнасць, і 3% – на матэрыяльную дапамогу.

Большасць ахвяраванняў – 29,1% – была накіравана ў Афрыку. Сярод краін Усходняй Еўропы самая вялікая колькасць сродкаў у 2014 г. была прызначана на дапамогу ва Украіне – больш за 5 млн. еўра. 

У Беларусі фонд “Дапамога Касцёлу ў патрэбе” фінансава падтрымлівае душпастырскую дзейнасць, адукацыю семінарыстаў, працу манаскіх інстытутаў, будаўніцтва касцёлаў і капліц.








All the contents on this site are copyrighted ©.