2015-07-19 13:02:00

Біскупы ЗША: “не” смяротнаму пакаранню


У дзесятую гадавіну кампаніі Канферэнцыі Біскупаў ЗША супраць смяротнага пакарання з сумеснай заявай выступілі старшыня Камісіі па пытаннях справядлівасці і развіцця арцыбіскуп Томас Венскі і старшыня Камітэту абароны жыцця кардынал Шон О’Мэлі.

Біскупы выказалі надзею, што ў іх краіне “перастануць вучыць не забіваць, пры гэтым караючы смерцю забойцаў”. “Гэта заганнае кола насілля прыніжае ўсё чалавецтва”, - гаворыцца ў дакуменце. Адзначаючы значны прагрэс ў барацьбе са смяротным пакараннем, іерархі заявілі, што яно “непрымальнае, будучы злачынствам супраць святасці жыцця і годнасці чалавечай асобы”. Паводле амерыканскіх біскупаў, будаванне культуры жыцця і пакарання смерцю – несумяшчальныя. 

Каталіцкая вера прапануе ўнікальны погляд на злачынства і пакаранне на падставе міласэрнасці і збаўлення, а не прыгавору, які быў вынесены. “Калі грамадства ў стане абараніць сябе, не знішчаючы чалавечага жыцця, то валодаючы такой здольнасцю, яно абавязана зрабіць гэта незалежна ад цяжару злачынства”.

Арцыбіскуп Томас Венскі і кардынал Шон О’Мэлі нагадалі, што смяротнае пакаранне “пазбаўляе ўсялякай перспектывы перамянення душы асуджанага да новага жыцця”. Такім чынам “супраціў католікаў смяротнаму пакаранню ўкаранёны на міласэрнасці” і абароне самога жыцця, бо “пакідае шанец для навяртання нават самых закаранелых грэшнікаў”.

“Як хрысціяне мы пакліканы супрацьстаяць культуры смерці, даючы сведчанне аб нечым большым і дасканалым: аб Евангеллі жыцця, надзеі і міласэрнасці”, - нагадалі амерыканскія каталіцкія іерархі.








All the contents on this site are copyrighted ©.