2015-07-18 13:21:00

Ватыканская дыпламатыя: даць усім доступ да прагрэсу


Святы Пасад падтрымлівае істотную мэту, якой кіруецца канчатковы дакумент трэцяй Міжнароднай канферэнцыі па фінансаванні развіцця, пакліканы падтрымаць ажыццяўленне Парадку дня ў галіне развіцця пасля 2015 года і Мэтаў ўстойлівага развіцця. Гэта падкрэсліў прадстаўнік Святога Пасаду ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, які ўзяў удзел у тэматычным ААН-аўскім пасяджэнні. Прыняты 17 ліпеня 2015 г. у сталіцы Эфіопіі Адыс-Абебе, дакумент імкнецца пакласці канец беднасці і голаду ў свеце, і дасягнуць устойлівага развіцця, сказаў арцыбіскуп Бернардзіта Ауса.

Папскі дыпламат высока ацаніў вялікую ўвагу ў дакуменце да людзей, якія жывуць у асабліва складаных сітуацыях, асабліва жанчын і дзяўчынак. Ён адзначыў, аднак, што, нягледзячы на значны прагрэс у эканоміцы, навуцы і тэхналогіях, вялікая частка чалавецтва не мае доступу да яго пераваг. Хутка расце разрыў паміж тымі, у каго ён ёсць, і тымі, хто выключаны з яго. Такім чынам, неабходна працягваць аказваць дапамогу краінам, якія развіваюцца, асабліва найменш развітым сярод іх.

Тут трэба “перавесці дэкларацыі ў канкрэтныя дзеянні”, - сказаў арцыбіскуп Ауса на Міжнароднай канферэнцыі па фінансаванні развіцця, завершанай у Адыс-Абебе.

Падпісаны Дакумент з’яўляецца стратэгіяй фінансавання, якая прадугледжвае канкрэтныя абавязацельствы ў многіх важных сферах. Гаворка ідзе пра сацыяльны ахоп усіх слаёў насельніцтва, прапанаванне дапамогі найменш развітым краінам, развіццё і перадачу тэхналогій, міжнароднае супрацоўніцтва ў сферы падаткаабкладання, гендэрную роўнасць у сферы фінансавання развіцця і абарону навакольнага асяроддзя.








All the contents on this site are copyrighted ©.