2015-07-17 10:58:00

Святы Пасад вядзе дыялог з пяцідзесятнікамі


Пятая сесія шостага этапу Міжнароднага каталіцка-пяцідзесятніцкага дыялогу завяршылася 17 ліпеня 2015 г. у Рыме. На форум, які доўжыўся тыдзень, з каталіцкага боку сабраліся прадстаўнікі Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, на чале з яе старшынёй кардыналам Куртам Кохам, а з пратэстанцкага – члены “класічных” пяцідзесятніцкіх супольнасцяў. Тэмай сталі “харызматы ў Касцёле – іх духоўнае значэнне, распазнанне і душпастырскія аспекты”. 

Мэта дыялогу, пачатага ў 1972 г., садзейнічанне ўзаемнай павазе і разуменню ў пытаннях веры і яе практыкавання, сапраўдны абмен і адкрытае абмеркаванне пазіцый двух традыцый. Такія спатканні заўсёды насычаны малітвай.

Папярэднія чатыры сесіі таксама былі сканцэнтраваны вакол тэмы харызматаў, якія разглядаліся ў якасці: нашай агульнай асновы (2011 г.), якім патрэбна распазнаванне (2012 г.), якія прыносяць вылячэнне (2013 г.) і якія звязаны з дарам прароцтва (2014 г.). 

Пасля цяперашняй сесіі, апошняй на шостым этапе дыялогу, будзе распрацаваны спецыяльны сумесны выніковы дакумент, які, як чакаецца, апублікуюць у пачатку 2016 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.