2015-07-16 13:22:00

У Ватыкане апублікавалі фінансавы баланс за 2014 год


У Ватыкане 16 ліпеня 2015 г. была апублікавана справаздача аб стане фінансаў Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан у 2014 г. Баланс быў падрыхтаваны Прэфектурай эканамічных спраў Апостальскай Сталіцы і прайшоў праверку ў Сакратарыяце па эканамічных пытаннях, Камітэце па аўдыту і ў Генеральнага рэвізора. Адзначаецца, што 2014 быў годам пераходу на новую палітыку кіравання фінансамі на аснове Міжнародных стандартаў фінансавай справаздачнасці для грамадскага сектара (IPSAS).

Фінансавы год для Святога Пасаду быў закрыты з дэфіцытам у 25.621 млн. (у 2013 г. дэфіцыт складаў 24.471 млн. еўра). Але аўтары справаздачы ўжываюць агаворку, што, калі б у 2013 г. ужываліся прынцыпы падліку 2014 г., дэфіцыт у 2013 г. склаў бы 37.209 млн. еўра. Таму ў 2014 г. назіралася значнае паляпшэнне з-за спрыяльных інвестыцыйных рухаў. Асноўнымі крыніцамі даходаў у 2014 г., у дадатак да інвестыцый, сталі ўзносы, зробленыя ў адпаведнасці з Канонам 1271 Кодэкса кананічнага права – 21 млн. еўра, і ўклад Інстытута рэлігійных спраў – 50 млн. еўра. Чыстыя актывы павялічыліся да 939 млн. еўра. Гэта адбылося за кошт уключэння ўсіх актываў і пасіваў у заключны баланс 2014 г. 

Сітуацыя ў ватыканскім Пенсійным фондзе не была адлюстравана ў балансе ў сувязі са зменамі, якія там зараз адбываюцца. Новая рада Фонду падрыхтуе “абноўленую ацэнку сітуацыі ў цэлым”.

Як і ў папярэднія гады, найбольш значныя выдаткі Святога Пасаду былі звязаны з выплатамі для персаналу – 126,6 млн. еўра (2880 асоб).

Баланс Губернатарата Дзяржавы Ватыкан за 2014 г. быў закрыты з даходам  у 63,519 млн. еўра, што з’яўляецца значным паляпшэннем у параўнанні з 2013 г., калі ён складаў 33,042 млн. Гэта адбылося з-за павелічэння даходу ад культурных мерапрыемстваў, звязаных у асноўным з Ватыканскімі музеямі, і дзякуючы спрыяльным рухам у інвестыцыях. Чыстыя актывы Губернатарата павялічыліся на 63,5 млн. еўра.  
Баланс Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан быў зацверджаны “знешнім рэвізорам”.

Таксама паведамляецца, што Рада па эканамічных пытаннях у канцы мая 2015 г. атрымала падрабязны бюджэт 2015 г., падрыхтаваны Сакратарыятам па эканамічных пытаннях. Дакумент уключае ў сябе прапанаваныя мерапрыемствы, чаканы прыбытак і выдаткі на наступны год, а таксама канкрэтныя рэкамендацыі для кожнага з 136 органаў, якія падлягаюць кампетэнцыі Рады і Сакратарыяту. Інфармуецца, што бюджэт застанецца дыфіцытным.

Поўны пераход на Міжнародныя стандарты фінансавай справаздачнасці для грамадскага сектара, хутчэй за ўсё, зойме некалькі гадоў. З 2015 г. кансалідаваная справаздача для Святога Пасаду будзе ўключаць у сябе новыя метады і дадатковыя аб’екты, у адпаведнасці з патрабаваннямі новай фінансавай палітыкі.








All the contents on this site are copyrighted ©.