2015-07-16 11:49:00

Для разведзеных камунія духоўная, а не сакрамэнтальная


Прэфект Кангрэгацыі па справах Біскупаў, кардынал Марк Уэле нагадаў вучэнне Касцёла аб тым, што разведзеныя, якія жывуць у новых несакрамэнтальных саюзах, не могуць прыступаць да сакраментальнай Камуніі. Гэтаму пытанню ён прысвяціў два артыкулы на старонках італьянскай каталіцкай штодзённай газеты “Avvenire”.

У першым з іх канадскі кардынал, які раней быў выкладчыкам дагматычнай тэалогіі, патлумачыў, што такое духоўная камунія. Ён шырока звярнуўся да традыцыі Касцёла, каб паказаць, што гэта форма камунні жадання найбольш дастасавальная да асоб, якія знаходзяцца ў неўрэгуляванай сужэнскай сітуацыі. У той жа час, ён выказаў шкадаванне, што пасля II Ватыканскага Сабору сцерлася свядомасць таго, чым на самой справе з’яўляецца сакраментальная св. Камунія. Яна ўяўляецца формай актыўнага ўдзелу ў літургіі, а не знакам еднасці з Хрыстом і быцця ў стане ласкі.

У другім тэксце кардынал Уэле падрабязна прадставіў прычыны, па якіх Касцёл павінен па-ранейшаму рэкамендаваць разведзеным, што жывуць у новых саюзах, устрымлівацца ад сакрамэнтальнай Камуніі. Нават сапраўднае пакаянне і шчырае раскаянне не могуць змяніць сітуацыі, калі ёсць аб’ектыўная перашкода ў выглядзе чужаложнага саюза – падкрэсліў кіраўнік ватыканскай дыкастэрыі. Ён запэўніў, што шчырая малітва і камунія жадання, да якіх у такіх выпадках заахвочвае Касцёл, ніколі не застаюцца бясплённымі.

Божая Міласэрнасць можа аднавіць духоўную камунію ў душах, якія раскайваюцца, нават калі не можна прыступаць да сакраментальнай Камуніі. Таксама з душпастырскага пункту гледжання заахвочванне да такога стаўлення, аказваецца значна больш карысным, чым допуск да св. Камуніі любым коштам, падкрэсліў у сваім артыкуле прэфект Кангрэгацыі па справах Біскупаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.