2015-07-15 12:23:00

Ватыкан прыме два прадстаўнічых кліматычных форумы


У Ватыкане 21 і 22 ліпеня 2015 г. пройдуць адразу два форумы, прысвечаныя праблемам экалогіі і абароны навакольнага асяроддзя: семінар “Сучаснае рабства і змены клімату – абавязацельствы гарадоў” і сімпозіум “Росквіт, людзі і планета – дасягненні ўстойлівага развіцця ў нашых гарадах”. На іх запрошаны мэры буйных гарадоў планеты, мясцовыя губернатары і прадстаўнікі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Яны падзеляцца лепшымі і самымі сучаснымі практыкамі ў барацьбе са зменамі клімату і сучасным рабствам. 15 ліпеня 2015 г. у Ватыкане прайшла прэзентацыя гэтых двух буйных мерапрыемстваў. 

Арганізатары паведамілі, што яны чакаюць прадстаўнікоў такіх буйных мегаполісаў, як Белу-Арызонтэ, Берлін, Бірмінгем, Бостан, Мехіка, Мінеапаліс, Новы Арлеан, Осла, Парыж, Рыа дэ-Жанейра, Рым, Сан-Францыска, Сіэтл, Стакгольм, Ванкувер – усяго каля 60 самага высокага рангу гасцей. Цікава, што няма прадстаўнікоў Усходняй Еўропы, Цэнтральную прадставяць тры гарады: Варшава, Кракаў і Заграб.

У Папскай акадэміі навук, якая з’яўляецца галоўным арганізатарам мерапрыемстваў, патлумачылі, чаму для абмеркавання гэтых тэм яны запрасілі менавіта прадстаўнікоў адміністрацый гарадоў. Некаторы час таму ў Ватыкане праходзіла сумесная сустрэча паміж кіраўнікамі паліцыі і біскупамі з усяго свету, на якой паліцэйскія падкрэслівалі неабходнасць большай падтрымкі самых бедных слаёў насельніцтва, паколькі менавіта яны з’яўляююцца аб’ектам міжнароднага гандлю людзьмі. І тут важную ролю грае менавіта адміністрацыя гарадоў, асабліва буйных. Падчас таго спаткання і ўзнікла ідэя “звесці” разам мэраў, каб пашукаць разам і падзяліцца лепшымі практыкамі для змякчэння наступстваў змен клімату і ліквідацыі новых форм рабства.








All the contents on this site are copyrighted ©.