2015-07-12 13:05:00

Святы Айцец аб ідалапаклончай эканамічнай мадэлі


“На першым месцы ў эканоміцы, прадпрымальніцтве і палітыцы стаіць чалавек і асяроддзе, у якім жыве”, - сказаў Папа 11 ліпеня 2015 г. у парагвайскім Асунсьён падчас сустрэчы з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці краіны на стадыёне калегіўма св. Юзафа. Ён перасцярог ад ідалапаклончай эканамічнай мадэлі, якая патрэбуе прынясення ў ахвяру чалавечых жыццяў на алтары грошай і прыбытку. Шэсць прадстаўнікоў некалькіх грамадскіх супольнасцяў задалі Святому Айцу пытанні, якія датычылі сацыяльнай, эканамічнай, культурнай і касцёльнай тэматыкі.

У пачатку сваёй, шырока дапоўненай спантаннымі ўстаўкамі, прамовы Пантыфік адзначыў важнасць існавання ў Парагваі грамадзянскіх арганізацый. Ён падкрэсліў, што народ, які “не выказвае свайго клопату, народ, які жыве ў пасіўным прыняцці рэальнасці, з’яўляецца мёртвым”.

Адказваючы на пытанне маладога чалавека аб тым, што трэба рабіць, каб грамадства было асяроддзем братэрства, справядлівасці, міру і годнасці для ўсіх, Францішак адзначыў розніцу, якая існуе паміж задавальненнем і шчасцем, хоць сёння многія хочуць прадставіць іх як сінонімы. Таму маладыя парагвайцы павінны супрацьстаяць менталітэту, які лічыць бескарысным і бессэнсоўным імкненне да рэчаў, якія маюць каштоўнасць. Ён указаў на важнасць сведчання бабуль і дзядуляў, таму што яны з’яўляюцца захавальнікамі духоўнай спадчыны веры і каштоўнасцяў, якія вызначаюць народ. 

Адказваючы на пытанне пра шырокі дыялог як сродак фарміравання праекту нацыі, Папа адзначыў, што дыялог патрабуе “культуры сустрэчы”. Ён прадугледжвае нават канфлікты, і гэта лагічна і чакана. Але не трэба гэтага баяцца, а проста прыняць канфлікт, вырашыць яго і ператварыць у “звяно новага працэсу”, растлумачыў Францішак.

Адказваючы на пытанне аб тым, як прыняць з евангельскай радасцю крык бедных, каб пабудаваць больш інклюзіўнае грамадства, Пантыфік падкрэсліў, што аснова для падтрымкі бедных у тым, як мы іх успрымаем. Ён адзначыў неабходнасць гатоўнасці вучыцца ад бедных, калі гаворка ідзе пра чалавечнасць, дабрыню і вялікадушнасць. Але Папа заўважыў, што краіна мае патрэбу ў эканамічным росце і ў тым, каб ім карысталіся ўсе грамадзяне, у тым ліку праз рэалізацыю ўсеагульнага права да працы.

На заканчэнне сустрэчы, звяртаючыся да прадстаўнікоў парагвайскіх асацыяцый, Папа сказаў: “Любіце сваю Радзіму, сваіх суграмадзян, і, перш за ўсё, любіце бедных. Такім чынам вы станеце сведкамі перад светам, што іншы ўзор развіцця магчымы. Я перакананы, што ў вас ёсць самая вялікая з існуючых сіл – ваша чалавечнасць, вера і любоў”.

Святы Айцец часта адыходзіў ад падрыхтаванага тэксту і спантанна дзяліўся сваімі думкамі, якія развівалі ўзгаданую раней праблематыку. Ён пашырыў, у прыватнасці, пытанне аб карупцыі, якую назваў “гангрэнай народа”, і заклікаў да барацьбы з ёй і з шантажом, што з’яўляецца адной з формаў карупцыі. А перад тым, як удзяліць благаслаўленне, папярэдзіў сваіх слухачоў, асабліва маладых, каб яны не думалі, што яго словы адрасаваны не ім, а некаму іншаму.








All the contents on this site are copyrighted ©.