2015-07-11 11:04:00

Папа ў Парагваі: “Ніколі больш братазабойчых войнаў!


“Парагвай вядомы з таго, што з’яўляецца сэрцам Амерыкі, і гэта не толькі з-за свайго геаграфічнага размяшчэння, але таксама з-за цяплыні гасціннасці і ветлівасці яе жыхароў” - сказаў Францішак падчас сустрэчы з прадстаўнікамі ўлад краіны і дыпламатычнага корпуса.Мерапрыемства адбылося 11 ліпеня 2015 г. ў садзе палаца Лапезаў у Асунсьён. Нагадваючы, што на працягу ўсёй сваёй гісторыі краіна перажыла вялікія пакуты вайны, братазабойчых змаганняў, недахопу свабоды і зневажання правоў чалавека, Папа заклікаў: “Ніколі больш братазабойчых войнаў! Заўсёды будуйма мір!”.

Францішак аддаў належную пашану тысячам простых жыхароў Парагвая, якіх “імёны не знаходзяцца ў падручніках гісторыі, але якія былі і застануцца сапраўднымі героямі свайго народа”. З вялікімі ”эмоцыямі і захапленнем” Святы Айцец падкрэсліў вызваленчую ролю парагвайскіх жанчын у гэтых драматычных перыядах гісторыі. Ён адзначыў, што нацыя, якая забывае сваё мінулае, сваю гісторыю і свае карані, яна нямае будучыні. “Памяць, якая трывала ўкараніліся ў справядлівасць, далёкая ад пачуццяў помсты і нянавісці, ператварае мінулае ў крыніцу натхнення для пабудовы гарманічнай будучыні, робячы нас людзьмі свядомых трагедыі і бессэнсоўнасці вайны”, - сказаў Папа

 

Святы Айцец таксама адзначыў важнасць мірнага штодзённага сужыцця, заклікаючы парагвайцаў“пазбягаць арагантных жэстаў і словаў, якія раняць; дзеянняў з пачуццём сваёй перавагі, а садзейнічаць ўзаемаразуменню, дыялогу і супрацоўніцтву”. Ён пахваліў дэмакратычныя пераўтварэнні, якія на працягу многіх гадоў праходзяць ў Парагваі і заклікаў да далейшага ўмацоўвання  дэмакратычных структур і ўстаноў. Ён пажадаў, каб у грамадскай дзейнасці надалей ўмацоўваць дыялог у якасці “прывілеяванага сродка, які спрыяе агульнаму дабру, на аснове культурных сустрэч, павагі і прызнання адрозненняў і поглядаў іншых асоб”. Папа заклікаў, каб не спыняцца на тым, што канфліктнае і перамяняць “погляды, якія вынікаюць з перакананняў адной партыйнай ці ідэалагічнай опцыі праз умілаванне радзімы і нацыі”. “Тая ж самая любоў павінна станавіцца стымулам да павелічэння з кожным днём празрыстасці кіравання і ўздымання з вялікім запалам барацьбы супраць карупцыі”, - адзначыў Францішак.

Ён звярнуў увагу на тое, што з гатоўнасці служыць і працаваць для агульнага дабра, мы павінны паставіць бедных і патрабуючых у цэнтры ўвагі. “Няхай не спыняюцца намаганні ўсіх суб'ектаў грамадства на тое, каб не было ўжо дзяцей не маючых доступу да адукацыі, бяздомных сем’яў, работнікаў без годнай працы, сялян без зямлі і многіх людзей, вымушаных эміграваць ў няпэўную будучыню; каб не было ўжо ніколі ахвяр гвалту, карупцыі і незаконнага гандалю наркотыкамі”, - заклікаў Францішак і нагадаў, што эканамічнае развіццё, якое не лічыцца са слабымі, і тымі, каму не пашчасціла ў жыцці, не з’яўляецца сапраўдным развіццём.

Ад імя біскупаў Парагвая Пантыфік запэўніў аб прыхільнасці і супрацоўніцтве Каталіцкага Касцёла ў сумесных намаганнях па стварэнні справядлівага і адкрытага грамадства, у якім можна жыць у супакоі і гармоніі. Узываючы благаславення для жыхароў краіны, Папа заклікаў: "”Няхай Парагвай будзе плённым, як паказвае кветка passiflory (мучаніцы) на мантыі Марыі, і як гэтая стужка ў колерах Парагвай, якая акружае яе ікону, так няхай ён ахопіць  Маці з Каакупэ”, якая з’яўляецца  апякункай краіны.

Пасля сустрэчы з прадстаўнікамі ўлад краіны і дыпламатычнага корпуса Папа вярнуўся ў Апостальскую нунцыятуру, дзе ён правёў першую ноч у Парагваі.

Ян Мойсік








All the contents on this site are copyrighted ©.