2015-07-10 14:02:00

Папа: лёс свету – у руках людзей, а не буйных дзяржаў


9 ліпеня 2015 г. вечарам з салезіянскай гімназіі Святы Айцец паехаў на папамабілі ў выставачны цэнтр “Expo Feria” у Санта-Крус, месца правядзення Другой сусветнай сустрэчы народных рухаў. Дарэчы, у яго арганізацыі ўдзельнічалі Папская рада „Iustitia et Pax” і Папская акадэміі сацыяльных навук. Першае такога роду спатканне прайшло ў кастрычніку 2014 г. у Рыме.

Пантыфік запэўніў, што, як і народныя рухі, ён выказваецца на карысць зямлі, дому і працы для ўсіх. “Я казаў гэта і паўтараю яшчэ раз: гэта святыя правы. Варта, варта за іх змагацца”, - сказаў ён і дадаў, што свет павінен змяніцца, а існуючыя праблемы датычаць усяго чалавецтва, бо сёння ні адна краіна не можа вырашыць іх самастойна. Ён падкрэсліў, што гаворка ідзе пра змены, якія паўплываюць на ўвесь свет, таму што сённяшняя глабальная ўзаемазалежнасць патрабуе глабальных адказаў на мясцовыя праблемы. Адзначыў, што зараз нават навуковая супольнасць прызнае тое, аб чым даўно кажуць бедныя – экасістэме наносіцца шкода, магчыма, ужо беззваротная.

“Калі капітал становіцца ідалам і кіруе чалавечымі рашэннямі, калі смага грошай кантралюе ўсю сацыяльна-эканамічную сістэму, гэта разбурае грамадства, асуджае чалавека, робіць яго рабом, разбурае братэрства паміж людзьмі, кідае народ супраць народу, і, як бачна, таксама пагражае нашаму агульнаму дому”, - сказаў Францішак. Але нават у такой складанай сітуацыі ён заклікаў бедных і звычайных людзей не быць песімістамі. Папа лічыць, што яны могуць зрабіць шмат, больш за тое, на яго думку, “будучыня чалавецтва ў значнай ступені знаходзіцца ў іх руках, у іх здольнасці арганізаваць і падтрымліваць творчыя альтэрнатывы ў іх паўсядзённым пошуку трох “Т” – Тrabajo, Тecho, Тierra (праца, жыллё, зямля).

Францішак папярэдзіў, што не варта чакаць ад яго канкрэтнага рэцэпту, бо “ні Папа, ні Касцёл не валодаюць манаполіяй на інтэрпрэтацыю сацыяльнай рэальнасці і на прапановы для вырашэння сучасных праблем”. “Смею сказаць, што няма рэцэпту”, - прызнаўся ён і патлумачыў, што “гісторыю пішуць пакаленні, якія прыходзяць адно за адным сярод народаў, якія ідуць у пошуках свайго ўласнага шляху, паважаючы каштоўнасці, што Бог уклаў у сэрца”, - сказаў Пантыфік.

Папа прапанаваў тры асноўныя задачы, для выканання якіх неабходна моцная падтрымка ўсіх народных рухаў. Першая з іх – паставіць эканоміку на службу народаў. “Людзі і прырода не павінна служыць грошам”, - сказаў ён, і адзначыў, што эканоміка павінна быць не механізмамам збору, але адпаведным кіраваннем агульнага дома. “Гаворка ідзе пра эканоміку, у якой чалавек у гармоніі з прыродай арганізуе ўсю вытворчасць і сістэму размеркавання, такім чынам, каб магчымасці і патрэбы кожнага знайшлі правільнае месца ў сацыяльным вымярэнні”, - сцвердзіў Святы Айцец, і дадаў, што такая эканоміка, гэта не ўтопія або фантазія. І ў яе стварэнні народныя рухі могуць адыграць важную ролю – не толькі патрабуючы і пратэстуючы, але, перш за ўсё, ствараючы.

Другой задачай, якая патрабуе падтрымкі народных рухаў, паводле Францішка, з’яўляецца паяднанне народаў на шляху міра і справядлівасці. Ніякая фактычная ці ўстаноўленая ўлада не мае права пазбаўляць бедныя краіны поўнага ажыццяўлення свайго суверэнітэту, а калі гэта так, то мы маем справу з новымі формамі каланіялізму, падкрэсліў ён і ўдакладніў, што новы каланіялізм – гэта ідал улады грошай: карпарацыі, крэдыторы, некаторыя пагадненні аб нібыта “свабодным гандлі”, якія ўсё больш і больш “зацягваюць паясы” работнікам і бедным. Акрамя таго, манапалістычная канцэнтрацыя СМІ з мэтай навязаць акрэсленыя мадэлі спажывання і культуру аднастайнасці.

Папа нагадаў, што ў імя Бога былі дапушчаны сур’ёзныя грахі, учыненыя супраць карэнных народаў Амерыкі. “Я прашу прабачэння, не толькі за правіны самаго Касцёла, але таксама за злачынствы супраць карэнных народаў падчас так званага заваявання Амерыкі”, - сказаў ён. Францішак падкрэсліў, што Касцёл, яго сыны і дочкі з’яўляюцца часткай самабытнасці народаў Лацінскай Амерыкі.

Трэцяя задача – абарона Маці-Зямлі. “Наш агульны дом абкрадаецца, спустошваецца, беспакарана прыніжаецца. Баязлівасць у яго абароне з’яўляецца цяжкім грахом”, - сказаў Францішак. “Я прашу вас у імя Бога, каб вы абаранялі Маці-Зямлю”, - звярнуўся ён да прадстаўнікоў народных рухаў.

У канцы Святы Айцец падкрэсліў, што чалавецтва знаходзіцца не толькі ў руках вялікіх лідэраў, буйных дзяржаў і элітаў, але, перш за ўсё, у руках людзей, у іх здольнасці да самаарганізацыі, у руках, якія ўзбачаюць гэты працэс перамен пакорай.

У канцы Францішку ўручылі рабочую каску. Сустрэча скончылася на гадзіну пазней, чым чакалася – каля 19.30 па мясцовым часе.








All the contents on this site are copyrighted ©.