2015-07-09 16:35:00

Пантыфік у Санта-Крус: Касцёл – гэта супольнасць памяці


“Кожны народ мае памяць, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне”, - гэтыя словы сталі лейтматывам гаміліі папы Францішка 9 ліпеня 2015 г. падчас св. Імшы ў балівійскім Санта-Крус, прымеркаванай да распачацця Нацыянальнага Эўхарыстычнага Кангрэсу. Ён спаслаўся на евангельскія часы і тыя натоўпы людзей, якія ішлі за Езусам, і адзначыў, што сённяшнія балівійцы, так як і яны, прыносяць да Хрыста цяжар горкіх расчараванняў і смутку, досведу несправядлівасі, радасці і болю сваёй зямлі. Кожны чалавек з’яўляецца носьбітам памяці свайго народа. 

Гэтыя праблемы могуць прывесці да расчаравання і страты надзеі, калі сэрца лёгка паддаецца ментальнасці, усё больш распаўсюджанай у свеце. Паводле яе, “усё мае свой кошт, усё можна купіць, усё з’яўляецца прадметам дамовы”. Вынікам такога спосабу мыслення, адзначыў Пантыфік, з’яўляецца “выдаленне” нямногімі абранымі тых, хто, на іх думку, “непрадуктыўны”, непрыдатны або няварты. Але Езус звяртаецца да нас і кажа: “Яны не павінны сыходзіць, вы дайце ім есці”. І гэтыя словы Хрыста гучаць сёння асабліва рэзанансна: ніхто не павінен сысці, ніхто не павінен быць адкінуты. Хрыстовы спосаб бачання рэчаў не пакідае месца для менталітэту адчужэння слабых і патрабуючых. 

Тое, што робіць Езус памнажаючы хлеб можна рэзюмаваць у трох словах: Ён бярэ крыху хлеба і некалькі рыбаў, благаслаўляе іх, а затым перадае ўсё сваім вучням, каб яны падзяліліся з натоўпам. З дапамогай гэтых трох жэстаў, Езус здольны змяніць “логіку адчужэння” на “логіку камуніі і супольнасці”. Хрыстус вельмі сур’ёзна “бярэ” жыццё сваіх верных, бо “багацце грамадства” вымяраецца менавіта жыццямі людзей. Благаслаўленне Езуса – гэта знак, што Ён ставіцца да рэчаў, не як да “аб’ектаў”, а як да часткі жыцця, плёну міласэрнай любові Бога. Ён шануе іх, бо благаслаўленне – гэта падзяка. Благаслаўленне – гэта таксама заўсёды місія, якая палягае на абмене і перадачы іншым таго, што мы атрымалі ад Бога. Памяць, прынятая, благаслаўлёная і перададзеная, здольная заўсёды насыціць голад народа, падкрэсліў Папа.

Касцёл – гэта супольнасць памяці, адзначыў Пантыфік і прыгадаў словы Хрыста: “Гэта чыніце на Маю памяць” (Лк 22, 19). Пакаленне за пакаленнем, ва ўсім свеце, ён цэлебруе таямніцу Хлеба Жыцця. 

Францішак заклікаў сабраных на св. Імшы на плошчы Хрыста Збаўцы весці жыццё, якое з’яўляецца памяццю пра патрабуючых, пра адносіны з іншымі, пра сустрэчу і сапраўдную салідарнасць – жыць “логікай прыняцця і любові”

Сёння Папу яшчэ чакае две сустрэчы: з балівійскім духавенствам і прадстаўнікамі мясцовых народных рухаў. 








All the contents on this site are copyrighted ©.