2015-07-09 13:23:00

Пантыфік да духавенства пра бескарыслівасць і памяць


Бескарыслівасць і памяць аб сваіх каранях з’яўляюцца двума стаўпамі святарскага і манаскага жыцця, сказаў 8 ліпеня 2015 г. у эквадорскім нацыянальным марыйным санктуарыі Эль-Кінчэ папа Францішак падчас сустрэчы з духавенствам, кансэкраванымі асобамі і семінарыстамі Эквадора. Пантыфік адклаў падрыхтаваны тэкст і прамовіў спантанна.

“Дарма атрымалі, дарма давайце”, - нагадаў Пантыфік словы Езуса да апосталаў і вучняў, і дадаў, што яны застаюцца актуальнымі і для сучаснага духавенства. Таксама не варта забывацца, адкуль мы прыйшлі, дзе нашы карані, веру сваіх продкаў. Калі святар пачынае рабіць кар’еру, што само па сабе не дрэнна, напрыклад становіцца выкладчыкам або выконвае іншае важнае заданне, няхай не забываецца, адкуль ён, пажадаў Папа.

У гэтым кантэксце, звяртаючыся да мультыкультуралізму Эквадора, Францішак заклікаў кожнага з сабраных захоўваць сваю родную мову, клапаціцца пра яе і не саромецца. Гэтыя словы выклікалі буру апладысментаў святароў і законнікаў.

“Няхай Езус благаславіць Эквадор а Марыя з Эль-Кінчэ абараняе яго”, - сказаў на заканчэнне сваёй прамовы Папа.

Гэта быў апошні пункт эквадорскага этапу лацінаамерыканскага падарожжа Францішка. Пасля сустрэчы з духавенствам і кансэкраванымі асобамі ён накіраваўся ў міжнародны аэрапорт Кіта, адкуль, пасля цырымоніі развітання, вылецеў у балівійскі Ла-Пас.








All the contents on this site are copyrighted ©.